Францішак: заставацца ў Пану і прыносіць плёны любові і міру

Эўхарыстыя на плошчы святога Марка стала кульмінацыйным момантам візіту Папы ў Венецыю, які ён здзейсніў 28 красавіка 2024 года. Пантыфік заклікаў заставацца ў еднасці з Панам, каб прыносіць добрыя плёны ў жыцці.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У гаміліі Святы Айцец прапанаваў паразважаць над евангельскім урыўкам, у якім Езус параўноўвае сябе з вінаграднай лазой, а сваіх вучняў – з галінамі. Гэта метафара выражае жыццёва важную сувязь паміж вернікамі і Хрыстом, а таксама падкрэслівае неабходнасць захавання еднасці з Ім, каб прыносіць плён, - адзначыў Папа.

“Калі разарвём гэту сувязь з Панам, мы не зможам прыносіць плёны добрага жыцця, а самі рызыкуем ператварыцца ў сухія галіны, якія павінны быць выкінуты прэч”, - папярэдзіў ён.

Францішак звярнуў увагу пра старажытныя традыцыі вінаробства ў Венецыі, якія таксама нагадваюць пасланне евангельскай прыпавесці пра лазу і галіны. Ён падкрэсліў, што “вера ў Хрыста і лучнасць з Ім не абмяжоўваюць нашу свабоду”, але ўзбагачаюць яе любоўю Бога, які “памнажае нашу радасць, клапоціцца пра нас як добры вінаградар і дапамагае ўзысці парасткам, нават калі глеба нашага жыцця засохла”.

Пабудаваны на вадзе і ўнікальны ў сваім родзе горад Венецыя Святы Айцец параўнаў з духоўным жыццём вернікаў: падобна таму, як Венецыя цесна звязана з вадой і мае патрэбу ў асаблівым клопаце і абароне, так і наша жыццё патрабуе жыццядайных водаў Божай любові. Без гэтай любові мы становімся як сухія галіны, няздольныя прыносіць плён, - дадаў Пантыфік.

“Браты і сёстры, вось што важна: заставацца ў Пану, прабываць у Ім. І гэты дзеяслоў – “заставацца” – не трэба разумець як нешта статычнае, як быццам бы Ён хацеў сказаць нам заставацца нерухомымі, прыпаркаванымі ў пасіўнасці. Насамрэч Ён заклікае нас да руху, бо заставацца ў Пану азначае ўзрастаць у адносінах з Ім, весці дыялог з Ім, прымаць Яго Слова, ісці за Ім на шляху да Божага Валадарства. Таму гаворка ідзе пра тое, каб вырушыць у шлях за Ім, прыняць выклік Яго Евангелля і станавіцца сведкамі Яго любові”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што плёнам еднасці з Хрыстом з’яўляюцца любоў, надзея і мір, якія вернікі пакліканы распаўсюджваць у сваім штодзённым жыцці і ў грамадстве, адказваючы на сучасныя выклікі з салідарнасцю, справядлівасцю і клопатам пра навакольнае асяроддзе і чалавецтва.

Папа спаслаўся на венецыянскі біенале, каб нагадаць, што Евангелле, змяняючы жыццё людзей, робіць іх “мастакамі, здольнымі распаўсюджваць паўсюль плёны любові і радасці”. “Я малюся за вас, малюся за тое, каб прыгажосць гэтага горада магла праявіцца ў абліччах і жэстах усіх вас”, - сказаў на заканчэнне гаміліі Святы Айцец.
 

28 красавіка 2024, 11:27