Пошук

Regina Caeli: знайсці ў Езусе тое, што неабходна для жыцця

Для Хрыста Добрага Пастыра мы важныя, незаменныя, вартыя таго, каб аддаць за нас жыццё, сказаў Папа ў разважанні перад малітвай Валадарка неба.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Францішак нагадаў вернікам, якія 21 красавіка 2024 года сабраліся на плошчы святога Пятра, аб тым, што чацвёртая велікодная нядзеля году прысвечана Езусу Добраму Пастыру. У сённяшнім евангельскім урыўку Ён кажа: “Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак.” (Ян 10, 11-18) і паўтарае гэта тройчы. “Але ў якім сэнсе пастыр аддае жыццё сваё за авечак?” - запытаў Францішак.

Пастырства, асабліва ў часы Езуса, азначала не проста занятак, а лад жыцця: з авечкамі праводзілі дні і ночы, жылі з імі ў сімбіёзе. Езус тлумачыць, што ён не найміт, які не клапоціцца пра авечак, але Той, хто іх ведае. “Гэта так: Ён ведае нас, кліча нас па імені і, калі мы заблукалі, шукае нас, пакуль не знойдзе (пар. Лк 15, 4-5). Больш за тое, Езус – не проста добры пастыр, які жыве адным жыццём са сваім статкам. Ён – Добры Пастыр, які дзеля нас ахвяраваў сваім жыццём і даў нам свой Дух праз сваё Ўваскрасенне”, - сказаў Святы Айцец.

“Вобразам Добрага Пастыра Пан жадае сказаць нам, што Ён не толькі з'яўляецца правадніком, кіраўніком статка, але, перш за ўсё, думае пра кожнага з нас як пра любоў усяго свайго жыцця. Давайце задумаемся над гэтым: для Хрыста я важны, незаменны, варты бясцэннага кошту Яго жыцця. Гэта не проста ходкая фраза. Ён сапраўды аддаў жыццё за мяне, памёр і ўваскрос за мяне, таму што любіць мяне і знаходзіць ува мне прыгажосць, якую я сам часта не заўважаю”, - сказаў Францішак.

“Браты і сёстры, колькі людзей сёння лічаць сябе неадэкватнымі ці нават няправільнымі! Як часта лічаць, што наша каштоўнасць залежыць ад мэтаў, якіх мы дасягаем, ад поспеху ў вачах свету, ад меркавання іншых! Як часта мы растрачваем сябе па дробязях! Сёння Езус кажа нам, што ў Яго вачах мы бясконца вартыя. Таму, каб знайсці сябе, першае, што нам трэба зрабіць, гэта ўстаць перад Ім, дазволіць Добраму Пастыру прыняць нас і ўзяць у свае абдымкі”, - заклікаў Святы Айцец.

Напрыканцы разважання Францішак заахвоціў вернікаў спытаць сябе: “Ці здольны я кожны дзень знаходзіць час для таго, каб здабыць гэтую ўпэўненасць у каштоўнасці майго жыцця? (Ці знаходжу я) час для малітвы, адарацыі, хвалы, каб быць у прысутнасці Хрыста і дазволіць Яму суцешыць мяне?” “Брат, сястра, калі ты гэта зробіш, то адкрыеш таямніцу жыцця: успомніш, што Добры Пастыр аддаў сваё жыццё за цябе і што ты для Яго важны”, - завяршыў сваё разважанне Пантыфік.

21 красавіка 2024, 12:13

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >