Пошук

Дыялог Папы з дзецьмі: шчасце – гэта жыць у міры адной Божай сям'ёй

Папа паўдзельнічаў у адным з круглых сталоў Сусветнай сустрэчы #BeHuman (Быць чалавекам) і падпісаў Дзіцячую дэкларацыю аб братэрстве.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Мерапрыемства на тэму Дзеці – будучае пакаленне прайшло 11 мая 2024 года ў Ватыкане. У ролі экспертаў круглага стала выступілі дзясяткі дзяцей, якія ўвайшлі ў Новую сінадальную залу ўвенчаныя лаўровымі вянкамі. Кожны з іх прыляпіў зялёны лісток да галінак старога сухога дрэва ў цэнтры пакоя, каб зноў удыхнуць у яго жыццё і адрадзіць такім чынам надзею.

Пасля гэтага Святы Айцец распачаў з імі спантанную гутарку пра шчасце, мір і сяброўства. Дзеці з энтузіязмам адказвалі на пытанні Францішка. “Што значыць шчасце?” - запытаў Папа. “Для мяне гэта значыць быць адзінымі, адной сям'ёй, Божай сям'ёй", - адказала адна з дзяўчынак. “Мір”, - адказаў іншы ўдзельнік. “Дзе можна купіць шчасце?” - спытаў Святы Айцец. “Шчасце нельга купіць, яно ў нас унутры”, - упэўнена заўважыла дзяўчынка. “Мы можам быць шчаслівыя, калі будзем у кантакце з Богам”, - іншы адказ з месца. “А як мы можам увайсці ў кантакт з Богам?” - спытаў Папа. “Молячыся”, - хорам адказалі дзеці. “Молячыся, мы можам здабыць супакой”, - дадала адна з удзельніц.

Дыялог працягваўся, пасля чаго быў зачытаны тэкст Дзіцячай дэкларацыі аб братэрстве, падрыхтаваны ад імя дзяцей усяго свету. Францішак паставіў пад ім свой подпіс.

Дзіцячы круглы стол быў арганізаваны ў рамках падрыхтоўкі да Сусветнага дня дзяцей, які адбудзецца ў Рыме 25-26 мая 2024 года. Па словах арганізатараў, на ім чакаецца каля 72 тысяч удзельнікаў.

12 мая 2024, 09:18