Пантыфік у Сусветны дзень дзяцей: вера робіць шчаслівымі

Бог Айцец стварыў нас, Езус нас збавіў, а Святы Дух заўсёды суправаджае нас у жыцці, - сказаў Папа ў гаміліі падчас святой Імшы з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы і першага Сусветнага дня дзяцей.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Літургія прайшла 26 мая 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане. У ёй бралі ўдзел каля 50 тысяч дзяцей са 121 краіны свету, у тым ліку каля 20 маленькіх пілігрымаў з Беларусі, якія прыбылі ў Рым разам з бацькамі і душпастырамі.

“Дарагія хлопчыкі, дарагія дзяўчынкі, мы сабраліся тут, каб маліцца, маліцца разам, маліцца да Бога”, - пачаў сваю гамілію Папа, нагадваючы, што Бог адзіны ў трох асобах – Айцец, Сын і Святы Дух.

Францішак патлумачыў, што Бог Айцец стварыў усіх нас і любіць нас. Ён заклікаў звяртацца да Яго ў малітве Ойча наш і прасіць Яго, каб суправаджаў нас у жыцці.

Затым Папа нагадаў, што Езус, Божы Сын, заўсёды дапамагае нам і дорыць сваё прабачэнне. Яго могуць атрымаць усе, нават людзі, якія зрабілі самае цяжкае злачынства, калі з пакорай папросяць аб прабачэнні. Пантыфік заклікаў не забываць, што Езус прабачае ўсё.

Францішак адзначыў таксама, што Святы Дух – гэта “Бог, які жыве ў нас”. Мы атрымліваем Яго ў хросце і іншых сакрамэнтах, а потым Ён суправаджае нас на працягу ўсяго жыцця, скіроўваючы да дабра і папракаючы ў душы, калі здзяйсняем памылкі. Пантыфік заахвоціў хлопчыкаў і дзяўчынак памяць, што Святы Дух заўсёды суправаджае нас, дае суцяшэнне і сілы, неабходныя для пераадолення цяжкасцей. Бог Айцец стварыў нас, Езус нас збавіў, а Святы Дух заўсёды суправаджае нас у жыцці, - нагадаў ён, запэўніваючы маленькіх вернікаў у тым, што вера робіць нас шчаслівымі.

Напрыканцы гаміліі Папа заахвоціў дзяцей разам маліцца да Багародзіцы, а таксама заклікаў памятаць у малітве за сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль, за хворых дзяцей і за мір, каб не было войнаў.

26 мая 2024, 11:48