Святы Айцец: не дазволім пакутам зрабіць нас закрытымі

Самае горшае, што можа здарыцца з намі, гэта дазволіць пакутам зрабіць нас закрытымі, - падкрэсліў Папа, нагадваючы, што любоў, якая адкрываецца на дапамогу людзям, з’яўляецца плённай.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

23 мая 2024 года Францішак прыняў удзел у закрыцці Міжнароднай сустрэчы аб сэнсе, якая праводзілася ў Ватыкане па ініцыятыве Папскага фонда Scholas Occurentes у супрацоўніцтве з CAF – Банкам развіцця краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

У трохдзённым форуме бралі ўдзел рэктары некаторых буйных універсітэтаў, дзеячы культуры, палітыкі, прадстаўнікі свету тэхналогій, а таксама моладзь, уплывовая ў сваіх асяродках. Іх увага была засяроджана на трох тэмах: тэхналогіі, навакольнае асяроддзе і ментальнае здароўе.

Сустрэча з Папам прайшла за закрытымі дзвярыма. Падчас яе Пантыфік адказаў на некаторыя пытанні юнакоў і дзяўчат. Адно з іх тычылася таго, як жыць любоўю пасля спазнаных пакут. Папа заўважыў, што ў такой сітуацыі пастаянна прысутнічае рызыка таго, што “боль закрые цябе”, таму “трэба заўсёды трымаць сэрца адкрытым”.

“Самае горшае, што можа здарыцца ў жыцці, гэта дазволіць пакутам закрыць сябе”, - папярэдзіў Пантыфік, заклікаючы вучыцца надзеі, бо калі “боль пасяляецца ў сэрцы”, становіцца “атрутным”. У сваю чаргу любоў, якая “адкрываецца на дапамогу іншаму, з’яўляецца плённай”, - заўважыў Францішак.

Яшчэ адно пытанне тычылася важнасці мастацтва ў жыцці. Францішак заўважыў, што яно “адкрывае перад намі гарызонты, вызваляе нас і робіць больш шырокім сэрцы”. Святы Айцец распавёў, што з самага маленства яму спадарожнічала літаратура. Ён згадаў, што па вечарах яго бацька чытаў яму і братам аповесць Сэрца Эдмонда Дэ Амічыса. Пантыфік таксама прачытаў на памяць урывак з паэмы Вечнасць Хорхэ Луіса Борхеса. Ён заклікаў сваіх гасцей спрыяць інклюзіўнасці, не губляць здольнасці гуляць і дапамагаць інтэграцыі веры ў штодзённае жыццё людзей.
 

24 мая 2024, 09:28