Святы Айцец: пакора – крыніца міру ў свеце і Касцёле

Дзе няма пакоры, там ёсць вайна, разлад, падзелы, - падкрэсліў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 22 мая 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Апошнюю катэхезу з цыкла пра кардынальныя і тэалагальныя цноты Святы Айцец прысвяціў пакоры, якая, хоць не адносіцца да ліку згаданых цнот, але вельмі патрэбная для хрысціянскага жыцця, бо з’яўляецца “антаганісткай самай смяротнай заганы – пыхі”.

Пантыфік нагадаў, што пыха робіць сэрца высакамерным і прымушае нас лічыць сябе лепшымі, чым мы ёсць на самай справе. Пакора, у сваю чаргу, вяртае да нашага “сапраўднага вымярэння”, нагадваючы, што “мы цудоўныя, але абмежаваныя стварэнні, якія маюць добрыя якасці і недахопы”. І хоць Біблія ад самага пачатку кажа, што мы прах і ў прах вернемся, але “ў чалавечым сэрцы часта нараджаюцца небяспечныя ілюзіі ўсемагутнасці”, - канстатаваў Святы Айцец.

“Каб вызваліцца ад пыхі, дастаткова зусім няшмат – сузірання зорнага неба, каб ізноў знайсці слушную меру, як сказана ў псалме: “Калі я бачу Твае нябёсы, справу пальцаў Тваіх, месяц і зоркі, якія Ты ўмацаваў: то чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш, і сын чалавечы, што Ты ўзгадваеш пра яго?” (Пс 8, 4-5), - нагадаў Пантыфік.

На думку Францішка, “шчаслівыя людзі, якія захоўваюць у сэрцы гэта адчуванне ўласнай маласці”, бо “яны абаронены ад шкоднай заганы высакамер’я”. “У сваіх благаслаўленнях Езус пачынае менавіта з іх: “Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”. Гэта першае благаслаўленне, бо яно ляжыць у аснове ўсіх наступных: лагоднасць, міласэрнасць, чысціня сэрца вынікаюць з гэтага ўнутранага пачуцця маласці. Пакора – уваходная брама да ўсіх цнот”, - падкрэсліў ён.

Францішак заўважыў, што на першых старонках Евангелля, пакора і ўбогасць духам з’яўляюцца крыніцай усяго. Ён нагадаў, што Звеставанне адбылося не каля брам Іерусаліма, а ў далёкай галілейскай вёсачцы, настолькі нязначнай, што людзі казалі: “Ці можа быць штосьці добрае з Назарэту?” (Ян 1,46). “Але менавіта адтуль пачалося адраджэнне свету”, а выбранніцай стала не прынцэса, якая расла на пярынах, а невядомая дзяўчына: Марыя, якая першая здзівілася, калі пачула Божае пасланне, прынесенае анёлам.

“У сваім спеве праслаўлення, Magnificat, яна падкрэслівае менавіта гэта здзіўленне: “Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы. Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі” (Лк 1,46-48). Можна сказаць, што Бога прывабіла маласць Марыі, якая ў першую чаргу была яе духоўнай маласцю, - заўважыў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што пасля Звеставання Марыя не імкнулася быць на відавоку: яе першым рашэннем было адправіцца да Альжбеты, каб служыць і дапамагаць ёй, бо “пакорныя людзі ніколі не жадаюць пакідаць сваёй непрыкметнасці” і “нават самая святая таямніца Яе жыцця – Богамацярынства” – не стала для яе прычынай для таго, каб хваліцца перад людзьмі”.

“Мы можам уявіць, што і Марыя перажывала цяжкія моманты, дні, калі яе вера сыходзіла ў невядомасць. Але Яна не вагалася ў сваёй пакоры, якая была Яе гранітнай цнотай”, - сказаў Францішак, нагадваючы, што пакора стала непераможнай сілай Марыі, што дапамагала Ёй заставацца ля падножжа крыжа, “калі ілюзія пераможнага Месіі разбівалася дашчэнту”.

Францішак падкрэсліў, што “пакора – гэта ўсё”. “Гэта тое, што ратуе нас ад злога і ад небяспекі стаць яго саўдзельнікамі. Пакора – гэта крыніца міру ў свеце і ў Касцёле. Дзе няма пакоры, там ёсць вайна, разлад, падзелы. Бог даў нам прыклад гэтага ў Езусе і Марыі, для нашага збаўлення і нашага шчасця. Пакора – гэта дарога, шлях збаўлення”, - завяршыў сваю катэхезу Святы Айцец.
 

22 мая 2024, 09:58

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >