Францішак сустрэнецца з ініцыятарамі кампаніі “Дзякуй, доктар!”
Марыя Валодзіна - Vatican News
Кампанія праходзіць пад лозунгам “Дзякуй, доктар!” Яе ўжо падтрымала больш за мільён чалавек. Мэта ініцыятывы – прыцягнуць увагу да незаменнай ролі ўрачоў агульнай практыкі ў сістэме аховы здароўя і ў грамадстве ў цэлым.
Кампанія стартавала ў Ватыкане 16 лістапада 2023 года. Яе ініцыятарамі выступілі некамерцыйная арганізацыя SOMOS Community Care з Нью-Ёрку і Папская акадэмія жыцця.
Да ініцыятывы далучыўся шэраг іншых медыцынскіх і акадэмічных арганізацый, такіх як Сусветны савет па ахове здароўя, Акадэмія сямейных дактароў штата Нью-Ёрк, Еўрапейскі саюз медыкаў агульнай практыкі, Італьянская калегія ўрачоў, Сусветная федэрацыя каталіцкіх медыцынскіх асацыяцый і часопіс Journal of Research & Applied Medicine. Яны падпісалі Дэкларацыю аб прызнанні ролі сямейнага ўрача, якая заклікае ўсіх грамадскіх і палітычных дзеячаў аб'яднаць намаганні дзеля таго, каб вярнуць у цэнтр увагі адносіны паміж доктарам агульнай практыкі і пацыентам.
У Дэкларацыі падкрэсліваецца роля мільёнаў дактароў на ўсіх пяці кантынентах, якія “не толькі знаходзяцца на перадавой сістэмы аховы здароўя, але і робяць усё магчымае,
каб быць добрымі самаранамі для кожнага чалавека".
На думку старшыні Папскай акадэміі жыцця, арцыбіскупа Вінчэнца Пальі, званне добрых самаранаў “безумоўна, робіць ім гонар, але, перш за ўсё, ускладае на іх адказнасць перад людзьмі, якія маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе". "Медыцыну нельга звадзіць да рэцэптаў або тэхналогій, нават калі яны вельмі складаныя, таму што людзей нельга разглядаць выключна як іх хваробы", - сказаў іерарх.
Папа Францішак неаднаразова выказваў заклапочанасць у сувязі з тым, што “па розных прычынах постаць сямейнага ўрача амаль знікла” і існуе рызыка таго, што медыцынскія паслугі стануць настолькі “забюракратызаванымі і камп'ютэрызаванымі, што пажылыя або малаадукаваныя людзі акажуцца фактычна выключанымі з сістэмы аховы здароўя".