Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папская акадэмія жыцця нагадала пра ролю сямейных урачоў

16 лістапада 2023 года ў Папскім тэўтонскім калегіуме прайшла прэс-канферэнцыя, якая дала старт сусветнай ініцыятыве ў падтрымку сямейных урачоў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Адным з арганізатараў кампаніі выступіла Папская акадэмія жыцця. На прэс-канферэнцыі, у якой прыняў удзел старшыня акадэміі, арцыбіскуп Вінчэнца Палья, быў распаўсюджаны тэкст Дэкларацыі аб прызнанні ролі сямейнага ўрача. Раніцай дакумент быў прадстаўлены Францішку.

Мэта дэкларацыі – вярнуць у цэнтр увагі постаць урача агульнай практыкі і яго адносіны з пацыентам. У дакуменце адзначаецца, што сямейныя ўрачы “дапамагаюць сістэме аховы здароўя грунтавацца на прафілактыцы. Калі адносіны паміж доктарам і пацыентам парушаюцца, сістэма аховы здароўя вымушана дзейнічаць толькі тады, калі стан пацыента моцна пагаршаецца, што мае вельмі сур’ёзныя чалавечыя і сацыяльныя наступствы”.

На думку арцыбіскупа Пальі, сямейных урачоў разумна было б называць добрымі самаранінамі, бо іх прафесія дае ім “шырокія магчымасці ў адносінах да чалавецтва, якое мае патрэбу ў клопаце”.

Старшыня федэрацыі італьянскіх урачоў падкрэсліў, што сямейны доктар працягвае заставацца асноўнай крыніцай інфармацыі па пытаннях здароўя “нават у наш час, калі інфармацыйныя крыніцы памнажаюцца”.

Дэкларацыю аб прызнанні ролі сямейнага ўрача могуць падпісаць арганізацыі, групы і асобныя грамадзяне. З яе тэкстам, перакладзеным на тры мовы, можна азнаёміцца на сайце ініцыятывы Дзякуй, доктар!

16 лістапада 2023, 14:36