Францішак: вера – першы дар, які варта прыняць у сваім жыцці

Вера "запускае" у нас ласку і адкрывае розум на таямніцу Бога, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі 1 мая 2024 года, працягваючы цыкл катэхез аб цнотах.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак нагадаў аб тым, што вера з’яўляецца цнотай тэалагальнай, таму што спазнаць яе можна толькі дзякуючы Божаму дару. Гэта акт, праз які чалавек добраахвотна давярае сябе Богу. Святы Айцец указаў на прыклады веры: Абрагама, Майсея і асабліва Найсвяцейшай Панны Марыі, падкрэсліўшы, што вера – гэта цнота, якая фарміруе хрысціяніна і азначае прыняцце і культываванне адносін з Богам.

“Тры тэалагальныя цноты – гэта вялікія дары, якія Бог дае для нашых маральных здольнасцей. Без іх мы маглі б быць разважлівымі, справядлівымі, адважнымі і стрыманымі, але ў нас не было б вачэй, якія бачаць нават у цемры, у нас не было б сэрца, якое любіць, нават калі нас не любяць, у нас не было б надзеі, якая мае адвагу насуперак усякім надзеям”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Ён адзначыў, што вера з’яўляецца цнотай, якая робіць чалавека хрысціянінам, бо быць хрысціянінам азначае не толькі “прыняцце пэўнай культуры разам з каштоўнасцямі, якія ёй спадарожнічаюць”, але ў першую чаргу “прыняцце і захаванне” сваёй сувязі з Богам.

Тут Францішак прывёў евангельскае апавяданне пра тое, як вучні з Езусам у лодцы трапілі ў шторм. Спачатку яны думалі, што дзякуючы свайму вопыту справяцца самі, але лодка пачала тануць, і яны запанікавалі. І не заўважылі, што побач маюць рашэнне праблемы – Езуса, Які дакарыў іх за тое, што страх у іх пачаў дамінаваць над верай.

“Такім чынам, вялікім ворагам веры з’яўляецца не інтэлект, не розум, як некаторыя настойліва паўтараюць, вялікім ворагам веры з’яўляецца страх”, - сказаў Святы Айцец і дадаў, што менавіта таму вера – гэта "першы дар, які варта прыняць у сваім жыцці", дар, якога трэба прасіць штодня. А бацькі-хрысціяне, якія “ўсведамляюць дадзеную ім ласку”, павінны прасіць аб дары веры для сваіх дзяцей.

Езус можа часта дакараць нас, як сваіх апосталаў, калі называў іх малавернымі. “Але гэта самы шчаслівы дар, адзіная цнота, якой нам дазволена пазайздросціць. Таму што ў тым, хто мае веру, жыве сіла, якая з'яўляецца не толькі чалавечай – вера "запускае" у нас ласку і адкрывае розум на таямніцу Бога", - сказаў Францішак, заахвоціўшы маліцца разам з апосталамі: “Пане, умацуй нашу веру!”.
 

01 мая 2024, 10:53

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >