Пантыфік: мір будуецца праз самаахвярнасць і малыя ўчынкі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак напісаў прадмову да кнігі Справядлівасць і мір пацалуюцца, апублікаванай у Ватыканскім выдавецтве і італьянскім выдавецтве Arena. Яна ўяўляе сабой анталогію тэкстаў Святога Айца, прысвечаных тэме адносін паміж справядлівасцю і мірам. Кніга будзе бясплатна раздавацца падчас візіту Папы ў Верону, які адбудзецца 18 мая 2024 года.
Паміж справядлівасцю і мірам існуе вельмі цесная сувязь: адсутнасць аднаго, пагражае другому, і абодва патрабуюць барацьбы супраць асабістага і грамадскага эгаізму. Менавіта эгаізм сілкуе канфлікты, адкрываючы шлях для гвалту і смерці, - сцвердзіў у прадмове Францішак.
Святы Айцец спаслаўся на “вялікага веронца”, які вырас у Германіі – Рамана Гвардзіні, філасофскія і духоўныя тэксты якога былі “маяком у асабліва цяжкі час”, калі нямецкі народ знаходзіўся пад “ярмом жудаснага нацысцкага рэжыму”. Папа нагадаў словы Гвардзіні пра тое, што “свабода заключаецца не ў тым, каб прытрымлівацца асабістага і палітычнага суджэння, а таго, што патрабуе прырода быцця”.
Пантыфік заўважыў таксама, што тэксты Гвардзіні натхнялі членаў Белай ружы – групы нямецкай моладзі, якая супрацьстаяла гітлераўскаму рэжыму. “Дзякуючы іх чытанню ўзнікла негвалтоўная дзейнасць гэтых хлопцаў і дзяўчын, якія, пішучы падпольныя ўлёткі, што распаўсюджваліся па ўсім горадзе, спрабавалі абудзіць сумленне людзей, якія здранцвелі ад гітлераўскага таталітарызму. І яны заплацілі жыццём за свой выбар сумлення і свабоды”, - напісаў Францішак.
Папа згадаў яшчэ адзін прыклад сумленнасці і асабістай мужнасці часоў Другой сусветнай вайны: гісторыю італьянскага салдата Леанарда Дала Сегі, які ў красавіку 1945 года атрымаў ад нацыстаў загад забіць маладога веронскага святара, ксяндза Даменіка Меркантэ. “Я католік, бацька чатырох дзяцей, і не магу стрэліць у святара”, - адказаў Дала Сега, пасля чаго яны былі забіты абодва. На думку Пантыфіка, гэта гісторыя адлюстроўвае таямніцу Пасхі, дзе любоў і самаахвярнасць трыумфуюць над насіллем і смерцю.
“Магчыма нам не давядзецца праліваць сваю кроў, каб вызнаваць нашу веру, як дагэтуль адбываецца ў многіх частках свету з нашымі хрысціянскімі братамі і сёстрамі, але менавіта ў малых справах мы пакліканы сведчыць пра мірную сілу Хрыстовага крыжа і новае жыццё, якое нараджаецца, дзякуючы яму: праз жэст прабачэння таго, хто пакрыўдзіў нас, зносячы несправядлівы нагавор, дапамагаючы таму, хто знаходзіцца на ўзбочыне жыцця”, - напісаў Святы Айцец.
Францішак падкрэсліў, што мір залежыць не толькі ад адказнасці магутных гэтага сферу і міжнародных трактатаў, але таксама ад штодзённых учынкаў кожнага з нас, у тым ліку ад нашай дапамогі бедным, павагі да навакольнага асяроддзя, прыняцця жыцця на кожным яго этапе.