Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Візіт Папы ў Трыест: сустрэчы з вернікамі, навукоўцамі і мігрантамі

Біскуп Трыеста Энрыка Трэвізі паведаміў дэталі аднадзённага пастырскага візіту Францішка ў сталіцу аўтаномнай вобласці Фрыулі-Венецыя-Джулія. Пантыфік наведае гэты горад на поўначы Італіі 7 ліпеня 2024 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Нагодай для падарожжа стане 50-ы Сацыяльны тыдзень католікаў у Італіі, які будзе праходзіць у Трыесце з 3 па 7 ліпеня на тэму У сэрцы дэмакратыі. Паміж гісторыяй і будучыняй – яна была абрана ў сувязі з 75-годдзем Канстытуцыі Італьянскай Рэспублікі.

Францішак прыбудзе раніцай на верталёце на плошчу перад гарадскім гандлёва-выставачным цэнтрам: Generali Convention Center недалёка ад Порта-Вэк’ё, дзе пройдзе афіцыйная цырымонія прывітання з удзелам грамадзянскіх і касцёльных уладаў.

Затым Святы Айцец сустрэнецца з 1500 удзельнікамі Сацыяльнага тыдня, лідарамі розных канфесій і рэлігій, прысутных у горадзе, прадстаўнікамі акадэмічнай супольнасці, групай мігрантаў і няпоўнаспраўных. Кульмінацыйным пунктам візіту стане святая Імша і малітва Анёл Панскі, якія Папа ўзначаліць на Плошчы адзінства Італіі. Пасля іх завяршэння Францішак вернецца ў Ватыкан.
 

05 мая 2024, 09:22