Візіт Папы ў Трыест: сустрэчы з вернікамі, навукоўцамі і мігрантамі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Нагодай для падарожжа стане 50-ы Сацыяльны тыдзень католікаў у Італіі, які будзе праходзіць у Трыесце з 3 па 7 ліпеня на тэму У сэрцы дэмакратыі. Паміж гісторыяй і будучыняй – яна была абрана ў сувязі з 75-годдзем Канстытуцыі Італьянскай Рэспублікі.
Францішак прыбудзе раніцай на верталёце на плошчу перад гарадскім гандлёва-выставачным цэнтрам: Generali Convention Center недалёка ад Порта-Вэк’ё, дзе пройдзе афіцыйная цырымонія прывітання з удзелам грамадзянскіх і касцёльных уладаў.
Затым Святы Айцец сустрэнецца з 1500 удзельнікамі Сацыяльнага тыдня, лідарамі розных канфесій і рэлігій, прысутных у горадзе, прадстаўнікамі акадэмічнай супольнасці, групай мігрантаў і няпоўнаспраўных. Кульмінацыйным пунктам візіту стане святая Імша і малітва Анёл Панскі, якія Папа ўзначаліць на Плошчы адзінства Італіі. Пасля іх завяршэння Францішак вернецца ў Ватыкан.