Папа: свет, пазначаны войнамі, патрабуе сведчання адзінства хрысціян

Толькі ў адзінстве з Езусам Хрыстом мы знойдзем поўнае адзінства паміж намі, - адзначыў Папа, сустракаючыся з прымасамі Англіканскай супольнасці.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак заклікаў сваіх гасцей углядацца ў Хрыста, каб здабыць мір і дух адзінства, нават перад абліччам рознагалоссяў. “Калі будзем скіроўваць позірк на Хрыста, а не на саміх сябе, пераканаемся, што Уваскрослы знаходзіцца паміж намі і хоча адарыць нас сваім мірам і Духам”, - запэўніў ён падчас аўдыецыі, якая прайшла 2 мая 2024 года ў Ватыкане.

Пантыфік выказаў падзяку за шматгадовае супрацоўніцтва Архіепіскапу Кентэрберыйскаму Джасціну Уэлбі, падкрэсліваючы важнасць узаемадзеяння паміж Цэрквамі ў служэнні людзям і хрысціянскім сведчанні. “Пан кліча кожнага з нас быць будаўнікамі адзінства, і нават калі мы яшчэ не адно, наша недасканалая еднасць не павінна замінаць нам ісці разам”, - сказаў ён. Францішак падкрэсліў, што адметнасці не павінны быць перашкодай для таго, каб хрысціяне бачылі адно ў адным братоў і сясцёр у Хрысце, якіх аб’ядноўвае вера ў адзінага Бога і хрост.

Францішак нагадаў, што непаразуменні ўзнікалі таксама паміж першымі хрысціянамі, але яны прыходзілі да прымірэння і агульных рашэнняў, калі аддавалі першынства Святому Духу. Ён адзначыў, што трэба маліцца і слухаць адно аднаго, спрабаваць зразумець іншага і пытацца ў сябе: ці былі мы паслухмяныя Духу або паддаліся асабістым ці групавым меркаванням? Ён заўважыў, што “боскай перспектывай” не з’яўляюцца падзелы і прыпыненне дыялогу. “Божы шлях вядзе да таго, каб мы яшчэ мацней злучыліся з Панам Езусам, бо толькі ў адзінстве з Ім мы знойдзем поўнае адзінства паміж намі”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў тэрміновую неабходнасць супольнага сведчання пра Хрыста ў свеце, пазначаным войнамі, гвалтам і несправядлівасцю, падкрэсліваючы, што толькі Хрыстус можа прынесці сапраўдную надзею і збаўленне.

Пантыфік згадаў таксама пра кантраверсіі, якія паміж хрысціянамі выклікае пытанне пра першынства Біскупа Рыма. Ён падкрэсліў, што святы Грыгорый Вялікі акрэсліваў ролю Папы як servus servorum Dei – слуга слуг Божых, у сувязі з чым заклікаў працягваць братэрскі дыялог, “каб зразумець, як служэнне Пятра можа раскрыцца ў якасці служэння любові да ўсіх”. Францішак звярнуў увагу на тое, што ў экуменічным дыялогу ўжо дасягнуты станоўчыя вынікі па пытанні першынства як “дару, якім трэба дзяліцца”.

На заканчэнне прамовы Пантыфік заклікаў да малітвы, супрацоўніцтва і працы з даверам і надзеяй, падкрэсліваючы, што толькі ўзаемная любоў і пакорнае сведчанне аб Хрысце могуць зблізіць Цэрквы і дапамагчы ім выканаць іх агульную місію – несці Евангелле.

“Было б скандалам, калі б з прычыны рознагалоссяў мы не асэнсоўвалі наша агульнае пакліканне – абвяшчаць Хрыста. Калі ж выйдзем за рамкі ўласных уяўленняў, тады зможам сведчыць пра Хрыста з пакорай і любоўю, Ён стане тым, хто зблізіць нас паміж сабой, бо, паўтараю: “толькі такая любоў, якая не звяртаецца да мінулага, каб аддаляцца ці ўказваць пальцам, толькі такая любоў, якая ў імя Богам ставіць брата вышэй за жалезную абарону ўласнай рэлігійнай сістэмы, толькі такая любоў аб’яднае нас. Спачатку брат, потым – сістэма”, - сказаў Святы Айцец.
 

02 мая 2024, 12:05