Маці Божая Лурдская Маці Божая Лурдская  (®Tomasi Nicolò)

Папа вайскоўцам у Лурдзе: служыце міру ў наш цёмны момант гісторыі

Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў 64-й Міжнароднай пілігрымкі вайскоўцаў у Лурд, якую ўзначаліў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У дакуменце, падпісаным кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці Папы, падкрэсліваецца, што Францішак духоўна блізкі да ўдзельнікаў пілігрымкі. Яна “дае магчымасць злучыцца повяззю сяброўства, дзяліцца чалавечым і духоўным багаццем, носьбітам якога з’яўляецца кожны з вас, раздзяліць хвіліны радасці, знайсці ў сумеснай малітве і ўзаемным дзяленні сілу, неабходную для пераадолення выпрабаванняў, трывог і адзіноты, якія вы часта перажываеце падчас выканання розных абавязкаў”, - запэўніў Пантыфік праз свайго бліжэйшага супрацоўніка.

Святы Айцец заклікаў удзельнікаў пілігрымкі ўмацоўвацца ва ўпэўненасці ў тым, што любоў мацнейшая за нянавісць і падзелы, а таксама ў тым, што яны маюць незаменную ролю ў будаванні агульнага дабра і служэння міру ў свеце.

Пілігрымка заахвочвае вырушыць у шлях, у першую чаргу да Бога, але таксама да нашых братоў і сясцёр, каб будаваць больш з’яднаны і братэрскі свет, - сцвердзіў Папа, дадаючы, што гэта таксама магчымасць аднавіць хросныя абяцанні, сустрэцца з Панам, у прыватнасці ў слуханні Яго слова, споведзі і ўдзеле ў Эўхарыстыі.

Пілігрымка ў Лурд з’яўляецца магчымасцю пераасэнсаваць вайсковае пакліканне з перспектывы веры і любові, якую кожны хрысціянін павінен мець да свайго брата і нават да ворага, - дадаў Францішак, падкрэсліваючы, што гаворка ідзе пра досвед веры, які дапамагае адкрыць прыгажосць супольнага шляху, узаемнай падтрымкі і дапамогі, што неабходна ў свеце, дзе так шмат хворых і параненых, і дзе адсутнічае мір.

“Свет мае патрэбу ў вас, асабліва ў гэты цёмны момант нашай гісторыі. Нам патрэбны веруючыя мужчыны і жанчыны, здольныя паставіць зброю на службу міру і братэрству”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

26 мая 2024, 12:40