Пошук

Папа будыйскім манахам: разам несці прамень надзеі чалавецтву

Людзі, глыбока ўкаранёныя ў сваіх рэлігійных традыцыях і гатовыя працаваць разам, могуць прынесці прамень надзеі роспачнаму чалавецтву, - падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з вызнаўцамі будызму.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

27 мая 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю будыйскіх манахаў з Тайланда. Ён прызнаўся, што з удзячнасцю ўспамінае пра сваё Апостальскае падарожжа ў гэту краіну, здзейсненае ў 2019 годзе, і пра надзвычайную адкрытасць і гасціннасць, з якімі яго прымалі.

Францішак згадаў пра VII будыйска-хрысціянскі калёквіум, які праходзіў у лістападзе 2023 года ў Бангкоку па ініцыятыве Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, некалькіх будыйкіх універсітэтаў і Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Тайланда. У гэтым форуме бралі ўдзел каля ста пяцідзесяці будыстаў і хрысціян з Азіі і Еўропы. Яго тэмай быў Дыялог каруны і агапэ для вылячэння параненага чалавецтва і зямлі.

“Так, сёння наша чалавецтва і Зямля, наш супольны дом, сапраўды паранены! Так шмат войнаў, так шмат людзей, якія страцілі ўсё, вымушаных уцякаць. Так шмат дзяцей, якія пацярпелі ад гвалту. І тым не менш, як вы адзначылі падчас калёквіум, “мы цвёрда верым, што пасярод цёмных хмар, людзі, глыбока ўкаранёныя ў сваіх рэлігійных традыцыях і гатовыя працаваць разам, могуць прынесці прамень надзеі роспачнаму чалавецтву”, - зазначыў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў важнасць трох фундаментальных пунктаў, якія вылучылі ўдзельнікі будыйка-хрысціянскага калёквіум. “Па-першае, вы сказалі, што “ніхто не збавіцца ў адзіночку; мы можам збавіцца толькі разам, бо ўзаемазвязаны і ўзаемазалежныя”. У святле гэтай праўды я заклікаю супрацоўнічаць з усімі: грамадзянскай супольнасцю, прадстаўнікамі іншых рэлігій, урадаў, міжнародных арганізацый, акадэмічнай і навуковай супольнасці і з усімі іншымі людзьмі, зацікаўленымі ў прасоўванні сяброўства, якое будзе падтрымліваць мір і братэрства і будаваць больш інклюзіўны свет. Па-другое, вы падкрэслілі важнасць навучання кожнага чалавека, асабліва моладзі і дзяцей, клапатлівым адносінам і ўвазе да іншых і асяроддзя. І нарэшце, вы сцвердзілі, што верыце ў здольнасць малітвы і медытацыі змяніць усё, “ачысціць нашы сэрцы і розумы, спарадзіць любоў, міласэрнасць і прабачэнне там, дзе існуюць нянавісць і помста, стварыць дух павагі і клопату пра іншых і пра Зямлю”. Я вельмі задаволены тым фактам, што заўтра вы будзеце маліцца за мір у базіліцы Санта-Марыя-ін-Трастэверы”, - сказаў Папа.

Напрыканцы прамовы Францішак падзякаваў сваім гасцям за візіт у Ватыкан і заахвоціў іх працягваць развіваць дыялог і супрацоўніцтва, асабліва з Каталіцкім Касцёлам у Тайландзе.
 

27 мая 2024, 10:21