Хрысціяне і будысты: сем крокаў да вылячэння чалавецтва і Зямлі
Марыя Валодзіна - Vatican News
У час, калі чалавечая сям'я і планета сутыкаюцца з глабальнымі праблемамі, нельга паддавацца адчаю, а несці прамень надзеі засмучанаму чалавецтву, - гаворыцца ў заключнай дэкларацыі VII будысцка-хрысціянскага калоквіума, які прайшоў у Бангкоку 13-16 лістапада 2023 года. Мерапрыемства было арганізавана Дыкастэрыяй па міжрэлігійным дыялогу, некалькімі будысцкімі ўніверсітэтамі і Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Тайланда. У ім прынялі ўдзел каля ста пяцідзесяці будыстаў і хрысціян з Азіі і Еўропы.
Каруна і агапе
Тэма форума - Дыялог каруны і агапэ для вылячэння параненага чалавецтва і зямлі, дзе пад будысцкай карунай маецца на ўвазе спачуванне да людзей, а хрысціянская агапэ – гэта бескарыслівая любоў, прыклад якой даў Езус. "Як будысты і хрысціяне, мы бачым у Будзе і Езусе вялікіх лекараў"- гаворыцца ў дакуменце. Прагнасць і грэх былі для Буды і Езуса прычынамі чалавечых пакут. Абодва “ў якасці лекаў прапанавалі любоў і спачуванне, каб вызваліць чалавечае сэрца і свет ад цемры".
Сем сумесных крокаў
У дэкларацыі форума пералічваюцца сем сумесных дзеянняў, якія могуць ажыццявіць хрысціяне і будысты. Першы з іх – прызнанне прыналежнасці да адной чалавечай сям'і, якое прадугледжвае прызнанне роўнай годнасці і павагі да ўсіх людзей. "Хоць нашы рэлігійныя вучэнні і заклікаюць нас будаваць культуру спагады, мы часта заплюшчваем вочы на сённяшнія пакуты", адсюль разыходжанне слоў і спраў, "якія наўмысна ці ненаўмысна спрыяюць сеянню смерці і разбурэння, нянавісці і помсты", - гаворыцца ў дакуменце.
Яшчэ адзін сумесны крок – гэта дыялог, паколькі без яго "не будзе міру", ён "можа прадухіліць насілле, вылечыць ахвяр і катаў, натхніць людзей на пошук негвалтоўных спосабаў вырашэння канфліктаў". Дыялог можа спрыяць таму, каб розныя рэлігійныя групы “абаранялі планету і пратэставалі супраць яе знішчэння".
У якасці сумеснага накірунку дзейнасці хрысціянам і будыстам прапануецца культываваць "спачуванне да пакут іншых людзей і навакольнага асяроддзя", праяўляць спачуванне "ў палітычных і эканамічных рашэннях". Фундаментальным аспектам з'яўляецца таксама супрацоўніцтва, не толькі на рэлігійным, але і на грамадзянскім, палітычным, інтэлектуальным, навуковым і міжнародным узроўнях, паколькі "ніхто не выратуецца ў адзіночку", а толькі разам, таму што ўсе мы ўзаемазвязаны і ўзаемазалежныя.
Дэкларацыя заклікае вернікаў дзвюх канфесій падтрымліваць акадэмічныя і даследчыя ініцыятывы, каб дапамагчы рэлігійным рухам “змяніць іх успрыманне, мысленне і ўяўленне пра іншых людзей і планету". У заключэнне дакумент заклікае да выхавання клопату адзін аб адным і аб навакольным асяроддзі, а таксама да малітвы і медытацыі, якія могуць "ачысціць нашы сэрцы і розумы, спарадзіць любоў, міласэрнасць і прабачэнне там, дзе існуюць нянавісць і помста, стварыць дух павагі і клопату пра іншых і пра Зямлю".
Восьмы будысцка-хрысціянскі калоквіум пройдзе ў Пнампені ў 2025 годзе.