Папа да дабрачыннага руху: заставацца вернымі харызме
Марыя Валодзіна - Vatican News
У відэапасланні Святы Айцец звяртаецца да заснавальніцы і старшыні руху К'яры Амірантэ і яе паплечнікаў.
"Перш за ўсё, я вітаю К'яру, якая была абраная Панам, каб спрыяць гэтаму руху, гэтаму павеву Святога Духу, які абудзіў сумленне столькіх людзей", - сказаў Папа.
Далей Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць захавання харызмы супольнасці Новыя гарызонты. "Заўсёды, калі рух развіваецца, існуе небяспека, што яго харызма можа аслабнуць і страціць тую моц, якой яна валодала напачатку", - папярэдзіў ён.
Святы Айцец параіў захоўваць харызму двума асноўнымі спосабамі: "Малітвай (без малітвы немагчыма рухацца наперад) і мужнасцю. Не губляйце мужнасці, каб рухацца наперад,” - сказаў ён.
Усе харызмы праходзяць праз цяжкасці, “моманты непаразумення, змрочныя моманты”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы пра ганенні, якім падвяргалася Таварыства Езуса. "Часам наступаюць цяжкія моманты. Усе харызмы рана ці позна павінны прайсці праз Крыж Панскі", - сказаў Францішак.
Святы Айцец прызнаўся, што даўно ведаў пра рух, але па-сапраўднаму зразумеў яго харызму толькі ў 2019 годзе пасля наведвання супольнасці ў горадзе Фразінонэ. "Для мяне гэта было як памазанне харызмай: бачыць усіх вас у адзінстве з заснавальніцай і поўнымі жадання рухацца наперад разам з Касцёлам", - дадаў ён.
Папа асабліва адзначыў намаганні руху быць бліжэй "да бедных, маргіналізаваных і тых, хто пакінуты грамадствам". "Я вельмі цаню, калі вы выходзіце на вуліцы і запрашаеце да сябе моладзь, якая згубілася ў ілюзіі жыцця, даяце ёй прычыну жыць, прычыну расці", - сказаў ён.