Папа да духавенства ў Вероне: споведзь – не сеанс катаванняў

Пакліканне і місія, якія трэба рэалізаваць з адвагай, – дзве тэмы разважання Папы, што прагучала перад духавенствам у катэдры святога Зянона ў Вероне. Затым ён сустрэўся з дзецьмі і моладдзю мясцовай дыяцэзіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Раніцай 18 мая 2024 года Францішак прыбыў з пастырскім візітам у Верону з нагоды 1650-годдзя з дня смерці святога Зянона, апекуна горада. Пасля прывітальнай цырымоніі на плошчы каля стадыёна імя Бентэгодзі, Святы Айцец сустрэўся ў базіліцы Сан-Дзэна-Маджорэ з мясцовым духавенствам і манахамі.

Папа нагадаў аб тым, што ў крыніцы хрысціянскага жыцця ляжыць вопыт сустрэчы з Панам, які залежыць не ад нашых заслуг і нашых абавязацельстваў, але ад любові, з якой Ён прыходзіць шукаць нас, стукаючы ў дзверы нашых сэрцаў і запрашаючы нас у адносіны з Ім.

“Ці дазваляю Пану сустрэцца са мной?” - спытаў Францішак. Ён падкрэсліў, што крыніцай святарскага і кансэкраванага жыцця з’яўляецца не сам чалавек, але цудоўны заклік і міласэрны позірк Пана, Які схіліўся і выбраў асобу для такога служэння, хоць пакліканы да святарства – не лепшы за іншых, ён такі ж грэшнік. “Гэта чыстая ласка, чыстая ўзнагарода, нечаканы дар, які адкрывае нашы сэрцы на захапленне перад абліччам Божай ласкі”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што ласка выклікае захапленне. “Давайце ніколі не губляць цуду нашага паклікання! Яно жывіцца памяццю пра дар, атрыманы з ласкі. Гэта першая аснова нашых кансэкрацыі і служэння: прыняцце атрыманага паклікання, прыняцце дару, якім нас здзівіў Бог”, - заўважыў ён.

Папа перасцярог духавенства ад пастаноўкі сябе ў цэнтры, актывізму і ўспрымання апостальства як спосабу самарэкламы замест распаўсюджвання Божага Валадарства. “У такім выпадку мы знаходзімся ў небяспецы жыць нашым апостальствам у логіцы прасоўвання сябе, пошуку адабрэння і кар’еры, замест таго, каб прысвяціць сваё жыццё Евангеллю і самаахвярнаму служэнню Касцёлу”, - адзначыў Францішак.

Сустрэчы Францішка з духавентсвам і з дзецьмі і моладдзю ў Вероне

Святы Айцец заахвоціў духавенства быць адкрытым на Духа Святога, таксама ў аспекце распазнання. “Давайце памятаць пра сваё пакліканне, прымаць яго кожны дзень і заставацца побач з Панам. Бываюць цяжкія моманты, пакінутасць, тады ўзгадаем сваё першае пакліканне і набярэмся сіл”, - заахвоціў ён.

Францішак прызнаў, што святары не рэдка сутыкаюцца з цяжкасцямі ў рэалізацыі свайго паклікання. “Майце мужнасць рухацца наперад і супраціўляцца”, - заклікаў ён веронскае духавенства. Папа прывёў у прыклад святых родам з Вероны, якія па яго словах, вылучаліся сваёй “сацыяльнай крэатыўнасцю” і, дзякуючы фантазіі міласэрнасці, ажыўленай Духам Святым, ім удалося стварыць своеасаблівае святое братэрства, здольнае задаволіць патрэбы найбольш маргіналізаваных і самых бедных. Пантыфік лічыць, што веру трэба трансфарміраваць у адвагу ў місіі, якая так патрэбна сёння.

Святы Айцец заахвоціў духавенства Вероны несці кожнаму Божую міласэрнасць. “Трэба ўсё дараваць, і калі людзі прыходзяць да споведзі, мы не павінны іх мучыць. Няхай сакрамэнт паяднання не будзе сеансам катаванняў, няхай яны не пакутуюць. Касцёл патрабуе прабачэння, а вы з’яўляецеся прыладай прабачэння”, - звярнуў увагу ён.

Гаворачы аб цяперашняй сітуацыі, Францішак прызнаў, што ў наш час няма недахопу ў бурах. Многія з іх караняцца ў прагнасці, скупасці, нястрымным імкненні да задавальнення эга. “Мы таксама знаходзімся ў небяспецы таго, што зло можа стаць нормай”, - папярэдзіў ён.

На заканчэнне сустрэчы перад базілікай святога Зянона, Папа прывітаў дзяцей і моладзь Вероны. Ён нагадаў ім, што калі Езус прамаўляе да нас, мы адчуваем сябе добра, ён выклікае радасць у нашых сэрцах. Збаўца пасылае сваіх вучняў па ўсім свеце абвяшчаць Евангелле, адзначыў Папа. Ён заўважыў, што хрысціяне пакліканы быць знакам супакою ў свеце. Перад абліччам змрочных сітуацый мы не павінны забываць, што пакліканне хрысціян – ісці супраць плыні. “Калі хочаш зрабіць штосьці добрае, не бойся ісці супраць плыні”, - заахвоціў веронскіх дзяцей і моладзь Святы Айцец.
 

18 мая 2024, 11:54