Папа: кітайскія католікі спрыяюць гармоніі сацыяльнага суіснавання
Марыя Валодзіна - Vatican News
21 мая 2024 года ў Папскім урбаніянскім універсітэце ў Рыме праходзіць Міжнародная канферэнцыя "Стагоддзе Кітайскага Сабора: паміж гісторыяй і сучаснасцю".
Кітайскі Сабор (Concilium Sinense) – першы і адзіны Сабор кітайскага Каталіцкага Касцёла, які праходзіў у Шанхаі сто гадоў таму: з 15 мая па 12 чэрвеня 1924 года. Па словах Папы, гадавіна па многіх прычынах ўяўляе сабой каштоўную падзею.
Сінадальны досвед
Сабор стаў важным крокам на шляху Каталіцкага Касцёла ў Кітаі, дазволіўшы яго ўдзельнікам “перажыць сапраўды сінадальны досвед і сумесна прыняць важныя рашэнні”. Святы Дух сабраў Айцоў Сабора разам, “стварыў паміж імі гармонію, павёў па шляхах, якія многія з іх нават ўявіць сабе не маглі, пераадольваючы здзіўленне і супраціў. Так дзейнічае Святы Дух, які вядзе Касцёл”, - сказаў Пантыфік.
Евангелізацыя на роднай мове
“Амаль усе яны былі выхадцамі з далёкіх краін і да Сабора многія з іх былі негатовыя разгледзець магчымасць даверыць кіраўніцтва дыяцэзіямі святарам і біскупам кітайскага паходжання”, - нагадаў Францішак. Сабраўшыся на Саборы, яны прайшлі сапраўдны сінадальны шлях і прынялі рашэнне надаць Касцёлу кітайскі твар і размаўляць з кітайцам на іх роднай мове.
Па словах Папы, важную ролю ў Шанхайскім Саборы адыграў Апостальскі дэлегат арцыбіскуп Чэлса Кастанціні, якому быў уласцівы сапраўдны місіянерскі погляд. Спасылаючыся на апостальскі ліст Maximum Illud, апублікаваны ў 1919 годзе Бэнэдыктам XV, ён запэўніў, што місія Касцёла заключаецца ў "евангелізацыі, а не ў каланізацыі".
Плён Сабора
Такім чынам, Шанхайскі Сабор не толькі дапамог забыцца пра памылковыя падыходы, якія пераважалі ў мінулым, але і зірнуць ў будучыню. “А іх будучыня – гэта наша сучаснасць”, - сказаў Святы Айцец.
Гістарычны шлях Касцёла ідзе непрадбачанымі шляхамі. Пан захаваў у Кітаі веру народа Божага, і гэтая вера стала компасам, які і сёння паказвае шлях. “Кітайскія католікі, якія знаходзяцца ў адзінстве з біскупам Рыма, жывуць у цяперашнім часе. У сучасным кантэксце яны сведчаць аб сваёй веры справамі міласэрнасці і дабрачыннасці, і сваім сведчаннем уносяць значны ўклад у гармонію сацыяльнага суіснавання, у пабудову агульнага дома”, - адзначыў Папа.
“Удзельнікі Шанхайскага Сабора глядзелі ў будучыню. А праз некалькі дзён пасля заканчэння Сабора яны адправіліся ў пілігрымку да святыні Маці Божай Шэшаньскай, недалёка ад Шанхая. Таксама і мы, падобна Айцам Шанхайскага Сабора, можам глядзець у будучыню. Памяць пра Шанхайскі Сабор можа і сёння адкрыць для ўсяго Касцёла шляхі, па якіх трэба смела ісці, каб сведчыць і абвяшчаць Евангелле ў сучаснасці”, - сказаў Святы Айцец.
Дзень малітвы за Касцёл у Кітаі
Напрыканцы зварота Папа нагадаў аб тым, што 24 мая будзе адзначацца літургічны ўспамін Маці Божай Успамогі Хрысціян, якую “нашы кітайскія браты і сёстры” ўшаноўваюць у марыйным санктуарыі Шэшань. Касцёл ва ўсім свеце будзе маліцца з кітайскімі католікамі, як гэта прапанаваў Бэнэдыкт XVI.
“Я таксама ў думках падымуся на пагорак Шэшань. І давайце ўсе разам даверым Марыі Успамогі Хрысціян, нашых кітайскіх братоў і сясцёр па веры, увесь кітайскі народ і ўвесь наш бедны свет, просячы аб яе заступніцтве, каб заўсёды і ўсюды перамог мір. Марыя, памочніца хрысціян, Маці Божая Шэшаньская, маліся за нас!” - заклікаў Францішак.