Папа: моладзь – першыя прапаведнікі Евангелля сваім равеснікам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
25 мая 2024 года ў Ватыкане Францішак сустрэўся з удзельнікамі Міжнароднага кангрэса душпастырства моладзі, арганізаванага Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця.
“Думаючы пра Юбілей моладзі – у наступным годзе – і Сусветныя дні моладзі ў Сеуле – праз тры гады, мая мара заключаецца ў тым, каб яны дапамаглі многім маладым людзям сустрэцца з Езусам, нават тым, хто звычайна не наведвае Касцёл, несучы ім пасланне надзеі”, - сказаў Святы Айцец. Ён прызнаўся, што вельмі перажывае за тых, “хто апусціў позірк, страціў гарызонт, адклаў свае вялікія мары і застаўся заблытаным у смутку і зле жыцця”.
Папа назваў Азію “маладым і жыццёва важным кантынентам”, але там “многія маладыя людзі, асабліва ў вялікіх гарадах, пакутуюць ад страты надзеі і ад замкнёнасці ў сабе – у іх мала адносін, мала інтарэсаў”. Тое ж, на яго думку, адбываецца і ва ўсім свеце.
Францішак папрасіў душпастыраў укласці ў душы моладзі “фундаментальныя перакананні”: “Бог ёсць любоў”, “Хрыстус збаўляе цябе”, “Ён жыве”, “Дух Святы дае жыццё”.
“Важна прапанаваць маладым людзям магчымасць спазнаць жывога Хрыста ў малітве, у эўхарыстычнай цэлебрацыі і сакрамэнце паяднання, у супольных сустрэчах, у служэнні бедным, у сведчанні святых. Носьбітамі гэтай пропаведзі-сведчання з’яўляюцца самі маладыя людзі, якія гэта перажываюць”, - звярнуў увагу Святы Айцец.
Шлях духоўнага распазнавання, неабходны кожнаму хрысціяніну, асабліва маладому, паводле пераканання Папы, трэба праходзіць разам, а не паасобку. Ён назваў гэта сінадальным падыходам да працэсу распазнавання.
“У нашым свеце ўсё стандартызавана і гамагенізавана, а маладыя людзі, наадварот, павінны суправаджацца індывідуальна. Кожны з іх унікальны і непаўторны. Кожны заслугоўвае таго, каб яго выслухалі, зразумелі і далі параду, якая адпавядае яго ўзросту, чалавечай і духоўнай сталасці. Распазнаванне можа быць толькі асабістым”, - адзначыў Пантыфік.
Апрача таго, распазнаванне для маладога чалавека “павінна быць шляхам праўды”, “выхадам са штучнай ідэнтычнасці і адкрыццём сваёй сапраўднай асобы”. Гаворка павінна ісці аб тым, каб стаць сапраўдным перад самім сабой, перад іншымі і перад Богам.
Францішак перасцярог душпастыраў ад выкарыстання маладых людзей для рэалізацыі ідэй, ужо прынятых іншымі ці неўласцівы ім. “Мы павінны даць ім адчуць сябе актыўнай і паўнавартаснай часткай жыцця Касцёла”; “першымі прапаведнікамі Евангелля сваім равеснікам”.