Пантыфік: праца – адзін з галоўных аспектаў нашага паклікання
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю італьянскай Нацыянальнай канфедэрацыі прафесійнай фармацыі і павышэння кваліфікацыі (CONFAP), якая звязана з рознымі каталіцкімі манаскімі супольнасцямі з харызматам служэння моладзі праз стварэнне магчымасцей для прафесійнай падрыхтоўкі.
Францішак адзначыў, што высакаякасныя навучальныя праграмы Канфедэрацыі, адрозніваюцца “інтэгральным” падыходам і ўвагай да моладзі, што знаходзіцца на “ўскраіне грамадскага і касцёльнага жыцця”. Ён нагадаў, што “моладзь – гэта адна з найбольш уразлівых катэгорый нашага часу”, якую нельга пакідаць без адукацыі і фармацыі.
На думку Пантыфіка, важнымі з’яўляюцца не толькі заканадаўчыя ініцыятывы, накіраваныя да паляпшэнне сацыяльнай сітуацыі моладзі, але таксама “абмен паміж пакаленнямі”, дзе тыя, хто сыходзіць на пенсію, перадаюць кампетэнцыі тым, хто ўваходзіць на рынак працы. “Іншымі словамі, каб дарослыя дзяліліся марамі і жаданнямі з моладдзю, уводзілі іх, падтрымлівалі, заахвочвалі і не асуджалі”, - дадаў ён.
Святы Айцец заклікаў клапаціцца пра маладых людзей, якія “не атрымалі неад’емнай падтрымкі ад сям’і і хрысціянскай супольнасці”, каб “ніхто з іх не заставаўся за дзвярыма, асабліва самыя бедныя і маргіналізаваныя, якім пагражаюць сур’ёзныя формы адчужэння, у тым ліку мігранты”. “Той, хто адчувае сябе адрынутым, можа апынуцца ў зневажальных для чалавека формах сацыяльнага ўпадку, а гэтага мы не можам прыняць!”, - сцвердзіў Францішак.
Папа падкрэсліў, што фармацыя неад’емная для будавання будучыні. Згадваючы пра ўплыў новых тэхналогій і развіцця штучнага інтэлекту на змены ў сферы працы, ён заклікаў пазбягаць двух спакус: тэхнафобіі – гэта значыць страху перад тэхналогіямі, які вядзе да іх непрыняцця; і тэхнакратыі – ілюзіі, што тэхналогіі могуць вырашыць усе праблемы. У гэтым кантэксце Пантыфік заўважыў, што вучыць неабходна не толькі тэхнічным кампетэнцыямі, але таксама чалавечым каштоўнасцям. Фармацыя, на думку Святога Айца, павінна даваць моладзі здольнасць распазнаваць формы эксплуатацыі, якія могуць хавацца за прапановамі працы.
Пантыфік нагадаў, што “праца – гэта фундаментальны аспект нашага жыцця і паклікання”: невыпадкова, што мы пытаемся пра працу чалавека, з якім знаёмімся. “Аднак, сёння мы назіраем дэградацыю сэнсу працы, якая ўсё часцей трактуецца як зараблянне грошай, а не як выражэнне ўласнай годнасці і ўклад у агульнае дабро. Таму важна, каб навучальныя праграмы служылі цэласнаму росту чалавека, у яго духоўным, культурным і працоўным вымярэннях”, - сказаў Папа, нагадваючы таксама, што “добрая прафесійная фармацыя дазваляе мець працу, а ў той жа час, адкрыць сэнс уласнага быцця ў свеце і грамадстве”.