Пошук

Regina Caeli: з радасцю ісці разам да славы нябеснай

Дарыць жыццё, усяляць надзею, пазбягаць усякай подласці і дробязнасці, адказваць на зло дабром, заклікаў Папа 12 мая 2024 года ў разважанні перад малітвай Уладарка неба.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Сёння ў Італіі і іншых краінах адзначаецца ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана. У Евангеллі гаворыцца, што Езус, даручыўшы апосталам працягваць сваю справу, “узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога" (Мк 16, 19), - нагадаў Францішак.

“Вяртанне Езуса да Айца ўяўляецца нам не як растанне з намі, а хутчэй як апярэджанне нас на шляху да месца прызначэння”, - сказаў Папа, прыводзячы ў прыклад ўздым на вяршыню гары: чалавек падымаецца ўгору, ідзе з цяжкасцю, і, нарэшце, на павароце перад ім адкрываецца панарама. “Тады ўсё цела зноў знаходзіць у сабе сілы, каб здзейсніць апошні ўздым. Усё цела – рукі, ногі, кожная цягліца – напружваецца і канцэнтруецца, каб дасягнуць вяршыні”, - сказаў Святы Айцец.

“І мы, Касцёл, – менавіта тое цела, якое Езус, узнёсшыся ў неба, цягне за сабой, як звязаную адной вяроўкай групу”, зазначыў Святы Айцец, дадаючы, што сваім Словам і ласкай сакрамэнтаў Ён раскрывае нам “прыгажосць Радзімы, да якой мы накіроўваемся”. Мы з радасцю падымаемся ў звязцы, разам з Ім, нашым правадніком, ведаючы, што “крок аднаго – гэта крок ўсіх, і што ніхто не павінен быць страчаны або пакінуты ззаду, таму што мы – адно цела” (пар. Клс 1, 18; 1 Кар 12, 12-27).

“Крок за крокам, прыступка за прыступкай, Езус паказвае нам шлях. Якія крокі трэба зрабіць? Сённяшнее Евангелле кажа: абвяшчаць Евангелле, хрысціць, выганяць злых духаў, браць рукамі змей, вылечваць хворых (пар. Мк 16, 16-18). Карацей кажучы, здзяйсняць справы міласэрнасці: дарыць жыццё, усяляць надзею, пазбягаць усякай подласці і дробязнасці, адказваць на зло дабром, дапамагаць тым, хто пакутуе. І чым больш мы так дзейнічаем, тым больш ператвараемся Яго Духам, тым больш прытрымліваемся Яго прыкладу, і тым больш, як у гарах, адчуваем, што паветра вакол нас становіцца лёгкім і чыстым, гарызонт шырокім, а мэта блізкай, словы і жэсты становяцца добрымі, розум і сэрца пашыраюцца і дыхаюць”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заахвоціў прысутных спытаць сябе: Ці жыве ўва мне імкненне да Бога, да Яго бясконцай любові, Яго жыцця, якое ёсць жыццём вечным? Альбо я прывязаны да рэчаў, якія хутка мінаюць: да грошай, поспехаў, задавальненняў? Ці ізалюе мяне маё імкненне да неба, або дазваляе моцна і бескарысліва любіць братоў і сясцёр, адчуваць сябе іх спадарожнікам на шляху да Раю?

Папа звярнуўся да Багародзіцы, “якая ўжо дасягнула месца прызначэння”, з просьбай дапамагаць нам “з радасцю ісці ўсім разам да славы нябеснай”.

12 мая 2024, 12:15

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >