Святы Айцец сямейным урачам: важна тое, што вы робіце
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
25 мая 2024 года Святы Айцец сустрэўся ў Ватыкане з прадстаўнікамі Асацыяцыі грамадскага клопату Somos. Ён адзначыў, што хворы заўсёды чакае ад урача кампетэнтнасці і прыязнасці, ён хоча сустрэць чалавека, на якога можна разлічваць, які дае ўпэўненасць у выздараўленні, “які, нават калі гэта немагчыма, не пакідае ў спакоі, працягвае глядзець нам у вочы і дапамагаць нам да канца”.
На думку Францішка, “прысутнасць сямейнага доктара дапамагае акружыць пацыента сеткай прыхільнасці, абмену і салідарнасці, якая выходзіць за межы дыягнастычна-тэрапеўтычнай фазы, умацоўваючы чалавечыя адносіны, ператвараючы пакуты ў момант зносін”, дзякуючы чаму “чалавек, які пакутуе, і яго блізкія не ўцягнуты ў машыну бюракратыі”. Гэта гарантыя таго, што хворы не стане “ахвярай рынкавай логікі, якая мае мала агульнага са здароўем, асабліва калі гаворка ідзе пра пажылых і слабых людзей”.
“Таму, дарагія сябры, важна тое, што вы робіце. Я зноў благаслаўляю ваш праект і малюся за вас. І прашу вас, калі ласка, не забывайце маліцца за мяне”, - звярнуўся Папа да медыкаў з Асацыяцыі сацыяльнага клопату Somos.