Святы Айцец: Бэнэдыкт XIII вучыць пакоры і любові да бедных
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец асаблівым чынам падкрэсліў пакору Бэнэдыкта XIII, яго любоў да бедных і непрыняцце ім свецкага ладу жыцця і кар’ерызму. Гэта быў чалавек малітвы, які правёў першы тры дні пасля свайго абрання Біскупам Рыма ў глыбокай малітоўнай цішы, - нагадаў Францішак.
Папскае пасланне было прачытана 29 мая 2024 года на заканчэнне святой Імшы, якую кардынал Марчэла Сэмерара, прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі, цэлебраваў у мясцовай базіліцы Маці Божай Унебаўзятай. Менавіта ў гэтым старажытным храме развівалася пакліканне будучага дамініканіна, кардынала, біскупа і Пантыфіка.
П’ер Франчэска Арсіні паходзіў з заможнага арыстакратычнага роду, быў першынцам у сям’і і меў перад сабой добрыя кар’ерныя перспектывы, але адважыўся пакінуць усё і пайсці за Хрыстом, уступіўшы ў Ордэн прапаведнікаў. Праз год пасля прэзбітэрскага пасвячэння ён з паслухмянасці пагадзіўся стаць членам Калегіі кардыналаў і прыняць біскупскае прызначэнне, - нагадаў Святы Айцец.
Замест таго, каб супраціўляцца або дастасавацца да мірскога ладу жыцця свайго часу, Арсіні ўзрошчваў у сабе мару стаць пастырам статку, ператвараючы такім чынам унутраны супраціў у магчымасць. Ён разумеў, што Божы Провід дае яму нагоду стаць паслухмяным інструментам для адраджэння Касцёла душаў, - патлумачыў Францішак, нагадваючы, што ў далейшым П’ер Франчэска Арсіні не шкадаваў сіл дзеля духоўнага абнаўлення духавенства і вернікаў дыяцэзій, давераных яго пастырскай апецы.
Надзелены “дальнабачным розумам” і “высокай культурай”, ён вылучаўся ў першую чаргу “сваім пастырскім клопатам і дабрынёй сэрца”, - напісаў Папа, выказваючы пажаданне, каб гэта духоўная спадчына змагла адрадзіць у вернікаў італьянскай дыяцэзіі Гравіна такую самую любоў, якую іх выбітны зямляк меў да Касцёла і бедных, абуджаючы пачуцці поўнага любові спачування да бліжняга.