Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Святы Айцец: дзеці маюць некранутае пачуццё прыгажосці

“Самыя маленькія яшчэ захоўваюць некранутае пачуццё прыгажосці. Мы павінны назіраць за імі, слухаць іх (…), і гэты абмен можа прынесці сапраўдную надзею на змены”, - адзначыў Папа.

Ян Глінскі

Святы Айцец даў інтэрв’ю часопісу La Freccia італьянскай чыгуначнай кампаніі Trenitalia, якая з’яўляецца партнёрам у арганізацыі яго сустрэч з дзецьмі. Размова была прысвечана тэме падрыхтоўкі да І Сусветнага дня дзяцей, які пройдзе ў Рыме 25-26 мая 2024 года.

Італьянская чыгунка ўжо шмат гадоў прымае ўдзел у розных праектах, звязаных з дзецьмі, у тым ліку дастаўляла іх на сустрэчу з Папам на ватыканскую чыгуначную станцыю.

У інтэрв'ю згадваецца эпізод, які адбыўся ў Ватыкане 6 лістапада 2023 года: Святы Айцец прыйшоў на перон, каб правесці сваіх маленькіх гасцей, якія вярталіся дадому. Як адзначыў Пантыфік, “выхоўваць – гэта значыць суправаджаць” дзяцей да той пары, пакуль яны не адчуюць, што “могуць працягваюць ісці самастойна”. “Падарожжа – гэта метафара жыцця”, - дадаў ён, падкрэсліўшы, што задача дарослых – штодзённа клапаціцца пра адносіны, умеючы быць побач, але дазваляючы іншаму заставацца сабой.

Пантыфік нагадаў таксама, што ад дзяцей можна навучыцца гаварыць на сур’ёзныя тэмы, не губляючы пры гэтым прастаты. “Прастата дзіцяці”, як дадаў, адрозніваецца ад падобнай уласцівасці маладога чалавека ці дарослага: “Усе мы павінны быць простымі, але ў адпаведнасці з узростам”.

У інтэрв’ю, між іншым, была ўзнята тэма экалогіі і клопату пра супольны дом. “Крызіс патрабуе ўдзелу ўсіх людзей: усё грамадства павінна аказваць здаровы ціск; кожная сям’я павінна ўсведамляць, што на карту пастаўлена будучыня яе сыноў і дачок, - разважаў Папа. - Важна змяніць лад жыцця, каб захаваць наш супольны дом”.
 

03 мая 2024, 08:23