Францішак: пакуты перамагаюцца толькі любоўю

Клопат адзін пра аднаго карысны нам, бо ён аздараўляе не толькі нашы целы, але і сэрцы, - нагадаў Пантыфік манахіням з кангрэгацый Шпітальных сясцёр Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Дачок святога Каміла.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

23 мая 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельніц генеральных капітулаў гэтых манаскіх супольнасцей, нагадваючы, што яны ўзніклі дзякуючы мужнасці іх заснавальніц і заснавальнікаў, якія здолелі зрабіць вялікія справы ў паслухмянасці Святога Духу і кіруючыся “вар’яцтвам святой любові”.

Пантыфік заўважыў, што кангрэгацыя Шпітальных сясцёр Найсвяцейшага Сэрца Езуса была заснавана ў 1881 годзе ў Іспаніі Марыяй Ангустыяс Хіменэс Верай, Марыяй Хасэфай Рэсыё і святым Бэнэдэта Мэні, якія далі пачатак вельмі прагрэсіўнай для свайго часу справе аказання дапамогі людзям з псіхічнымі захворваннямі.

Францішак заўважыў, што сёння манахіні працягваюць займацца гэтай дзейнасцю, пашыраючы яе на новыя формы пакут і беднасці, захоўваючы ўвагу да цэласнага аздараўлення людзей і спрабуючы ўключыць у гэты працэс усіх – хворых, сем’і, урачоў, манахінь, валанцёраў і іншых. “Гэта цудоўна, бо так усе аздараўляюцца разам, кожны згодна са сваімі патрэбамі і ранамі, якія носіць. На самай справе – не будзем забываць пра гэта! – усе мы маем патрэбу ў аздараўленні, а клопат адзін пра аднаго карысны нам, ён аздараўляе не толькі нашы целы, але і сэрцы”, - сказаў Папа.

Спасылаючыся на гісторыю кангрэгацыі Дачок святога Каміла, Францішак нагадаў, што яна ўзнікла ў 1892 годзе ў Рыме, дзякуючы ініцыятыве святой Джузэпіны Ваніні, якая таксама вырашыла прысвяціць сябе дапамозе хворым.

“Гэта жанчына добра ведала, што такое боль: у яе жыцці было шмат пакут з-за дрэннага здароўя і па многіх іншых прычынах. Толькі з дапамогай Бога і добрых людзей ёй удалося справіцца з гэтым, таму яна любіла паўтараць: “Пакуты перамагаюцца выключна любоўю”. Такім чынам, яна даверыла хворых вашай любові, першаму і незаменнаму леку ў кожным месцы аказання дапамогі”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што гэтыя дзве гісторыі з’яўляюцца знакам і запрашэннем для манахінь, каб не баяліся кіравацца той жа смеласцю, якой кіраваліся іх заснавальніцы і заснавальнікі, і адважваліся рызыкаваць дзеля дабра братоў і сясцёр, якіх Бог ставіць на іх шляху. Пантыфік заклікаў законніц быць адважнымі і ўважлівымі да шматлікіх новых форм беднасці нашага часу, каб “зрабіць плённай вялікую і багатую спадчыну, якую атрымалі, і захоўваць яе заўсёды жывой і маладой”.
 

23 мая 2024, 09:52