Святы Айцец: сучасны свет патрабуе цноты надзеі

Тыя, хто натхнёны надзеяй і цярплівыя, здольныя перажыць нават самыя цёмныя ночы, - адзначыў Пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 8 мая 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак прысвяціў сваю катэхезу надзеі, нагадаўшы, што Катэхізіс Каталіцкага Касцёла называе яе тэалагальнай цнотай, якая дапамагае імкнуцца да Нябеснага Валадарства і прагнуць вечнага жыцця, спадзеючыся не на ўласныя сілы, а на абяцанні Хрыста і ласку Святога Духа.

Надзея – гэта адказ на пытанні чалавека пра мэту зямнога шляху і лёс свету. “Мы ўсе ведаем, што негатыўны адказ на гэтыя пытанні, выклікае смутак. Калі падарожжа не мае сэнсу, калі на пачатку і ў канцы няма нічога, тады мы пытаемся: чаму мы павінны пілігрымаваць? Адсюль нараджаецца разгубленасць чалавека, адчуванне бескарыснасці ўсяго. І многія могуць абурыцца: “Я намагаўся быць дабрадзейным, быць разважлівым, справядлівым, моцным, вытрывалым. Я быў чалавекам веры... Навошта была патрэбна мая барацьба?”. Без надзеі ўсе іншыя цноты рызыкуюць рассыпацца і ператварыцца ў прах”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што хрысціянін мае надзею не дзякуючы ўласным заслугам, але таму, што Езус Хрыстус памёр, уваскрос і адарыў нас сваім Духам. “Як сцвярджаў Папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы Spe salvi, “праз адкупленне мы атрымліваем надзею, праўдзівую надзею, моцай якой мы можам выйсці насустрач цяперашняму жыццю”, - нагадаў Пантыфік, дадаючы: вера ва ўваскрасенне Хрыста дае цвёрдую ўпэўненасць у тым, што ніякая параза ці смерць не маюць апошняга слова, а без гэтай веры усё становіцца марным, нават пропаведзь апосталаў.

“Надзея – гэта цнота, супраць якой мы часта грашым”, калі паддаёмся тузе, калі адчайваемся з прычыны нашых грахоў, забываючы пра міласэрнасць Бога. “Мы грашым супраць надзеі, калі восень перакрэслівае ў нас вясну; калі Божая любоў перастае быць вечным полымем і не маем адвагі для таго, каб прыняць рашэнні і ўзяць на сябе абавязацельствы на ўсё жыццё”, - дадаў Папа.

На думку Святога Айца, “сучаснаму свету вельмі патрэбна цнота надзеі”, якая ідзе поруч з цярплівасцю. “Цярплівыя людзі – гэта ткачы дабра. Яны ўпарта імкнуцца да міру, і нават калі некаторыя спяшаюцца і хочуць усяго і адразу, цярплівасць умее чакаць. Нават калі многія навокал паддаюцца расчараванню, тыя, хто натхнёны надзеяй і цярплівы, здольныя перажыць самыя цёмныя ночы”, - дадаў ён.

Францішак заўважыў, што “надзея – гэта цнота маладых сэрцам людзей”, нават нягледзячы на іх узрост, бо “існуюць старыя з вачыма, поўнымі святла, якія жывуць у пастаянным імкненні да будучыні”. Ён заклікаў згадаць пра евангельскіх Сімяона і Ганну, якія “ніколі не стамляліся чакаць, і ўбачылі апошні этап свайго зямнога шляху, благаслаўлёным сустрэчай з Месіяй, якога распазналі ў Езусе, прынесеным у святыню Яго бацькамі”. Пантыфік выказаў пажаданне, каб напрыканцы зямнога пілігрымавання кожны з нас мог бы адчуць такую радасць у сэрцы.

 

08 мая 2024, 10:03

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >