Святы Айцец сустрэўся з Выканаўчым дырэктарам ЮНІСЕФ
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Быць дзіцём у сучасным свеце нялёгка. Сотні мільёнаў дзяцей дагэтуль пазбаўляюцца нармальнага жыцця з прычыны войнаў і гвалту, беднасці і няроўнасці, а таксама з-за наступстваў кліматычных змен, такіх як засуха, пажары, ураганы і забруджванне навакольнага асяроддзя”, - заўважыла кіраўніца Дзіцячага фонда ААН.
“Папа Францішак перасцярог ад глабалізацыі абыякавасці. Мы павінна замяніць раўнадушша і пагарду правамі чалавека на дабрабыт дзяцей, глабалізацыю міру, дабрыні і клопату пра кожнае дзіця, дзе б яно не знаходзілася”, - дадала Кэтрын Расэл.
Выканаўчы дырэктар ЮНІСЕФ прыбыла ў Ватыкан разам з дзесяццю дзецьмі і ў суправаджэнні адказных за арганізацыю Сусветнага дня дзяцей – айца Энца Фартуната і Альда Каньёлі. Яна ўручыла Святому Айцу дзве карціны, намаляваныя дзецьмі з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. І Расэл, і Францішак, нядаўна наведалі гэту краіну, дзе вельмі шмат дзяцей сталі ахвярамі войнаў, жудаснага насілля і нястачы.
“У кожны канфлікце ці катастрофе дзеці заўсёды пакутуюць першымі і больш за ўсіх іншых. Мы павінны прыслухоўвацца да галасоў дзяцей і дабівацца стварэння свету, прыдатнага для жыцця кожнага дзіцяці. Мы не можам заставацца бестурботнымі, калі дзяцей забіваюць, раняць і пазбаўляюць іх будучыні”, - сцвердзіла прадстаўніца ААН.
Кэтрын Расэл брала ўдзел у сустрэчы Папы з дзецьмі на рымскім Алімпійскім стадыёне, якая адбылася 25 мая 2024 года ў рамках Сусветнага дня дзяцей. Падчас гэтай падзеі яна заклікала дзяцей, прысутных на стадыёне, і тых, які сачылі за мерапрыемствам праз СМІ, спрыяць будаванню больш мірнага, справядлівага і прыдатнага для жыцця свету.