Пошук

Папа: быць свабодным – значыць любіць і служыць без меры і ўмоў

Езус быў свабодным чалавекам і гэта мае важнае значэнне таксама для нас, - адзначыў Пантыфік падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая прайшла 9 чэрвеня 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Калі Езус пачаў сваё публічнае служэнне, Ён сутыкнуўся з двайной рэакцыяй: з боку сваякоў, якія хваляваліся і баяліся, што Ён звар’яцеў, і з боку рэлігійных уладаў, якія абвінавацілі Яго ў тым, што Ім кіруе злы дух. “На самай жа справе Езус прапаведаваў і аздараўляў хворых сілай Духа Святога. І менавіта Дух зрабіў Яго па-боскі свабодным, гэта значыць здольным любіць і служыць без меры і ўмоў”, - сказаў Папа, каментуючы нядзельны евангельскі літургічны ўрывак на IX Звычайную нядзелю.

Езус быў свабодным ад багаццяў, улады і пошуку хвалы

Пантыфік прапанаваў вернікам паразважаць над свабодай Езуса. У першую чаргу ён заўважыў, што Хрыстус быў свабодным перад абліччам багаццяў: Ён пакінуў бяспечнае жыццё ў сваёй вёсцы, Назарэце, каб прыняць жыццё беднае і поўнае нявызначанасці, бескарысліва аздараўляючы хворых і ўсіх, хто прыходзіў да Яго па дапамогу.

Па-другое Езус быў свабодным перад абліччам улады: хоць Ён клікаў многіх ісці за сабой, Ён ніколі не прымушаў да гэтага, не шукаў падтрымкі ў моцных гэтага свету, а заўсёды станавіўся на бок найменшых і вучыў сваіх вучняў рабіць тое самае.

Нарэшце Езус быў свабодным ад імкнення да славы і ўхвалення, і таму ніколі не адмаўляўся казаць праўду, нават коштам непаразумення, непапулярнасці, аж да смерці на крыжы, не дазваляючы запалохаць, падкупіць ці спакусіць сябе.

Дазволім Божай любові напоўніць нас і будзем дарыць яе іншым

Езус быў свабодным чалавекам і гэта мае важнае значэнне таксама для нас, - падкрэсліў Папа, заўважаючы, што, калі мы кіруемся пошукам задаваленняў, улады, грошай або пахвалы, тады становімся нявольнікамі ўсяго гэтага. Але, калі дазволім бескарыслівай Божай любові напоўніць нас і пашырыць нашы сэрцы, калі дазволім ёй пераліцца праз край, дорачы яе іншым спантанна, ад усяго сэрца, без страху, разліку і ўмоў, тады будзем узрастаць у любові і распаўсюджваць яе добры водар таксама вакол нас, у нашых дамах, сем’ях і грамадствах, - запэўніў Святы Айцец.

Распаўсюджваць свежае паветра свабоды, шчырасці і спантаннасці

Францішак заклікаў вернікаў адказаць для сябе на пытанні: ці з’яўляюся я свабодным або дазваляю зняволіць сябе міфамі, звязанымі з грашыма, уладай і поспехам, ахвяруючы ім уласны спакой і спакой іншых людзей? Ці распаўсюджваю ў асяроддзях, у якіх жыву і працую, свежае паветра свабоды, шчырасці і спантаннасці? “Няхай Панна Марыя дапаможа нам жыць і любіць як вучыў нас Езус, у свабодзе дзяцей Божых”, - пажадаў напрыканцы разважання Пантыфік.
 

09 чэрвеня 2024, 12:16

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >