Анёл Панскі: зрабіць сваё жыццё дарам для іншых
Марыя Валодзіна - Vatican News
Францішак нагадаў, што ў Італіі і ў іншых краінах свету ў гэты дзень адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. “Евангелле сённяшняй літургіі распавядае нам пра апошнюю вячэру Езуса (Мк 14, 12-26), падчас якой Ён здзяйсняе жэст ахвяравання, бо ў паламаным хлебе і келіху, прапанаваным вучням, Ён прыносіць сябе ў ахвяру за ўсё чалавецтва”, - сказаў Францішак.
У жэсце Езуса ёсць важны аспект, які Евангелле падкрэслівае словамі "даў ім" (Мк 14, 22). Эўхарыстыя нагадвае нам пра гэты дар. Езус бярэ хлеб не для сябе, а для таго, каб паламаць і даць вучням, раскрыўшы ім сваю постаць і місію. Ён не захоўвае сабе жыццё, але аддае яго нам, нагадаў Святы Айцец.
Мы ўсведамляем, што прыняцце Эўхарыстыі – гэта не акт пакланення, далёкі ад жыцця, не просты момант асабістага суцяшэння. “Мы павінны заўсёды памятаць, што Езус, узяўшы хлеб, паламаў яго і даў ім, таму Камунія з Ім робіць нас здольнымі таксама стаць паламаным хлебам для іншых, дзяліцца тым, што мы ёсць і што маем”, - падкрэсліў Пантыфік, нагадваючы словы святога Льва Вялікага аб тым, што наша прыняцце Цела і Крыві Хрыста неабходна для таго, “каб зрабіць нас тым, што мы ямо”.
“Вось да чаго мы пакліканы: стаць тым, што мы ямо, стаць эўхарыстычнымі, гэта значыць людзьмі, якія не жывуць толькі для сябе (пар. Рым 14, 7), дзеля валодання і спажывання, але ведаюць, як зрабіць сваё жыццё дарам для іншых. Такім чынам, дзякуючы Эўхарыстыі мы становімся прарокамі і будаўнікамі новага свету. Калі мы пераадольваем эгаізм і адкрываем любоў, калі мы развіваем сувязі братэрства, калі мы ўдзельнічаем у пакутах братоў і дзелімся хлебам і рэсурсамі з тымі, хто мае патрэбу, калі дзелімся нашымі талентамі, тады мы, як Езус, ломім хлеб нашага жыцця.
Папа заахвоціў вернікаў спытаць сябе: “Ці жыву я толькі для сябе альбо аддаю сваё жыццё іншым, як Езус? Ці прысвячаю я сябе іншым альбо замыкаюся ў сваім маленькім я? Ці ўмею я дзяліцца ў паўсядзённых сітуацыях альбо заўсёды клапачуся аб сваіх інтарэсах?”
Напрыканцы разважання Пантыфік заклікаў Марыю дапамагчы нам "стаць дарам любові".