Пошук

Папа Францішак ля труны айца Мануэля Бланка Радрыгеса Папа Францішак ля труны айца Мануэля Бланка Радрыгеса 

Пантыфік аддаў даніну павагі свайму спаведніку

Раніцай 23 чэрвеня 2024 года Папа наведаў рымскі Касцёл святых сарака мучанікаў і святога Паскуале Байлона, каб памаліцца ля труны святара, у якога ён спавядаўся.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Айцец Мануэль Бланка Радрыгес памёр 22 чэрвеня ва ўзросце 85 гадоў. Ён належаў да Ордэна меншых братоў і займаў пасады дэкана і прафесара філасофіі ў Папскім універсітэце Антаніянум.

"Пазаўчора адышоў у вечнасць айцец Мануэль Бланка, францішканін, які сорак чатыры гады жыў пры касцёле святых сарака мучанікаў і святога Паскуале Байлона ў Рыме. Ён быў пробашчам, спаведнікам, дарадцам. Успамінаючы яго, я хацеў бы ўспомніць многіх братоў-францішканаў, спаведнікаў, прапаведнікаў, якія былі і застаюцца гонарам Рымскага Касцёла. Дзякуй усім ім!” - сказаў Пантыфік пасля малітвы Анёл Панскі ў нядзелю, 24 чэрвеня 2024 года.

Падрабязнасці візіту Францішка распавёў Vatican News ксёндз Хасэ Мануэль Санчыс Канто, прафесар хрысталогіі ў Папскім універсітэце Антаніянум. "Сёння раніцай, да сямі гадзін, пазванілі ў дзверы. Пробашч папярэджваў нас, што прыедзе хтосьці з Папскага дома, але мы не думалі, што гэта будзе Папа. Калі я адчыніў дзверы, там была ватыканская жандармерыя, каб папярэдзіць нас аб хуткім прыбыцці Францішка. Усе манахі спусціліся ў закрысцію, дзе знаходзіцца труна айца Мануэля, затым прыбыў Папа і павітаўся з намі. Ён даў нам некалькі саветаў і распавёў пра айца Бланка як пра добрага, міласэрнага і лагоднага чалавека. Усё прайшло ў атмасферы спакою і блізкасці", - распавёў айцец Канто. Затым пачалася ютрань. Папа наблізіўся да труны і заставаўся там увесь час.

24 чэрвеня 2024, 11:00