Пантыфік аддаў даніну павагі свайму спаведніку
Марыя Валодзіна – Vatican News
Айцец Мануэль Бланка Радрыгес памёр 22 чэрвеня ва ўзросце 85 гадоў. Ён належаў да Ордэна меншых братоў і займаў пасады дэкана і прафесара філасофіі ў Папскім універсітэце Антаніянум.
"Пазаўчора адышоў у вечнасць айцец Мануэль Бланка, францішканін, які сорак чатыры гады жыў пры касцёле святых сарака мучанікаў і святога Паскуале Байлона ў Рыме. Ён быў пробашчам, спаведнікам, дарадцам. Успамінаючы яго, я хацеў бы ўспомніць многіх братоў-францішканаў, спаведнікаў, прапаведнікаў, якія былі і застаюцца гонарам Рымскага Касцёла. Дзякуй усім ім!” - сказаў Пантыфік пасля малітвы Анёл Панскі ў нядзелю, 24 чэрвеня 2024 года.
Падрабязнасці візіту Францішка распавёў Vatican News ксёндз Хасэ Мануэль Санчыс Канто, прафесар хрысталогіі ў Папскім універсітэце Антаніянум. "Сёння раніцай, да сямі гадзін, пазванілі ў дзверы. Пробашч папярэджваў нас, што прыедзе хтосьці з Папскага дома, але мы не думалі, што гэта будзе Папа. Калі я адчыніў дзверы, там была ватыканская жандармерыя, каб папярэдзіць нас аб хуткім прыбыцці Францішка. Усе манахі спусціліся ў закрысцію, дзе знаходзіцца труна айца Мануэля, затым прыбыў Папа і павітаўся з намі. Ён даў нам некалькі саветаў і распавёў пра айца Бланка як пра добрага, міласэрнага і лагоднага чалавека. Усё прайшло ў атмасферы спакою і блізкасці", - распавёў айцец Канто. Затым пачалася ютрань. Папа наблізіўся да труны і заставаўся там увесь час.