2021.06.12 Sacro Cuore di Gesu, opera di Pompeo Batoni, Chiesa del Gesu a Roma

Папа анансаваў дакумент аб кульце Найсвяцейшага Сэрца Езуса

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 5 чэрвеня 2024 года ў Ватыкане, Пантыфік абвясціў аб падрыхтоўцы ім дакумента аб Найсвяцейшым Сэрцы Езуса.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Мы перажываем месяц, прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса”, - нагадаў Папа. Ён заўважыў, што 27 снежня 2023 года споўнілася 350 гадоў з дня першага аб’яўлення Найсвяцейшага Сэрца Езуса французскай манахіні Маргарыце Марыі Алакок, а святкаванне гэтага важнага юбілею будзе працягвацца да 27 чэрвеня 2024 года.

“У сувязі з гэтым я з радасцю рыхтую дакумент, які аб’яднае ў сабе каштоўную рэфлексію папярэдніх тэкстаў касцёльнага вучэння і доўгую гісторыю, якая ўзыходзіць да тэкстаў Святога Пісання, каб сёння зноў прапанаваць усяму Касцёлу гэты прыгожы культ, поўны духоўнай прыгажосці. Я думаю, што нам будзе вельмі карысна паразважаць над рознымі аспектамі любові Пана, якія могуць асвяціць шлях касцёльнага абнаўлення, а таксама сказаць нешта значнае свету, які, здаецца, згубіў сэрца. Прашу вас суправаджаць мяне ў малітве на працягу гэтага перыяду падрыхтоўкі. Я маю намер абнародаваць гэты дакумент ў верасні гэтага года”, - сказаў Папа.
 

05 чэрвеня 2024, 11:29