Францішак заклікаў кіраўнікоў дзяржаў спыніць эскалацыю
Марыя Валодзіна - Vatican News
Звяртаючыся да вернікаў пасля нядзельнай малітвы Анёл Панскі, якая 2 чэрвеня 2024 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Папа нагадаў пра Судан, “дзе ўжо больш за год працягваецца вайна, якая да гэтага часу не знаходзіць мірнага рашэння".
“Хай змоўкне зброя, і пры падтрымцы мясцовых уладаў і міжнароднай супольнасці акажуць дапамогу насельніцтву і шматлікім перамешчаным асобам. Хай суданскія бежанцы змогуць знайсці прытулак і абарону ў суседніх краінах”, - пажадаў Святы Айцец.
“І давайце не будзем забываць аб пакутніцкай Украіне, Палесціне, Ізраілі, М'янме. Я заклікаю да мудрасці кіраўнікоў, каб спыніць эскалацыю і прыкласці ўсе намаганні дзеля дыялогу і перамоў”, - заклікаў Францішак.