Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа: маліцца за мір, дапамагаць бежанцам, адказваць на зло дабром

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 19 чэрвеня 2024 года ў Ватыкане, Папа заклікаў штодзённа маліцца за мір і станавіцца больш адкрытымі да людзей, вымушаных пакінуць свой дом у пошуку міру і бяспекі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Браты і сёстры, давайце не будзем пераставаць маліцца за мір. Вайна ад самага пачатку з’яўляецца паражэннем. Молімся за мір у змучанай Украіне, Святой Зямлі, Судане, М’янме і ўсюды, дзе ёсць пакуты, выкліканыя войнамі. Давайце кожны дзень маліцца за мір”, - сказаў Францішак

Пантыфік нагадаў таксама, што 20 чэрвеня будзе адзначацца Сусветны дзень бежанцаў, устаноўлены ААН. “Няхай ён стане нагодай, каб скіраваць уважлівы і братэрскі позірк на ўсіх, хто вымушаны пакінуць свой дом у пошуку міру і бяспекі. Мы ўсе пакліканы прымаць, падтрымліваць, суправаджаць і інтэграваць тых, хто стукае ў нашы дзверы. Прашу, каб дзяржавы прыклалі намаганні для забеспячэння бежанцам чалавечных умоў і аблягчэння працэсаў іх інтэграцыі”, - заклікаў Святы Айцец.

Вітаючы польскіх пілігрымаў, Францішак згадаў пра сведчанне ксяндза Міхала Рапача, беатыфікацыя якога прайшла 16 чэрвеня ў Кракаве. “Узносячы падзяку Богу за новага благаслаўлёнага, мучаніка камунізму, ксяндза Міхала Рапача, давайце будзем маліцца, каб яго сведчанне стала знакам Божага суцяшэння ў гэтыя часы, пазначаныя войнамі. Няхай яго прыклад навучыць нас быць вернымі Богу, адказваць на зло дабром, спрыяць будаванню братэрскага і мірнага свету”, - пажадаў Папа.
 

19 чэрвеня 2024, 10:52