Пантыфік да лютэран: усе мы – пілігрымы надзеі

Разам ісці, маліцца і рабіць справы міласэрнасці заахвоціў Папа лютэран, звяртаючыся 20 чэрвеня 2024 года да дэлегацыі Сусветнай лютэранскай федэрацыі, якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святы Айцец выказаў гасцям шчырую ўдзячнасць за візіт, які ён лічыць “важным жэстам экуменічнага братэрства”. Для свайго прывітання Папа абраў словы апостала Паўла: “Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй” (Рым 15, 13).

Францішак падкрэсліў, што “усе мы – пілігрымы надзеі” і нагадаў пра будучую гадавіну першага Нікейскага сабора – важнай экуменічнай падзеі, якая моцна звязвае католікаў і лютэран. Ён нагадаў пра Нікейскі сімвал веры, 1700-годдзе якога будзе адзначаць у 2025 годзе, і сумесную дэкларацыя каталіцкіх і лютэранскіх вернікаў Злучаных Штатаў Амерыкі, якія ў 1965 годзе пацвердзілі агульную веру ў Езуса Хрыста, Сына Божага.

“Езус Хрыстус – сэрца экуменізму. Ён – увасобленая Божая міласэрнасць, і наша экуменічная місія – сведчыць пра гэта”, - сказаў Святы Айцец, цытуючы сумесную Дэкларацыю аб дактрыне апраўдання, у якой лютэране і католікі выказалі давер да Хрыста як да адзінага, на каго можна спадзявацца, паколькі Ён з'яўляецца адзіным пасярэднікам з Богам. “Прайшло 25 гадоў з моманту падпісання гэтай сумеснай афіцыйнай дэкларацыі. Тое, што адбылося 31 кастрычніка 1999 года ў Аўгсбургу, - яшчэ адзін знак надзеі ў нашай гісторыі прымірэння. Давайце захаваем яго ў памяці як нешта жывое. Няхай 25-годдзе адзначаецца ў нашых супольнасцях як свята надзеі”, - заахвоціў Пантыфік.

Папа ўзгадаў вучэнне праваслаўнага епіскапа Зізіуласа, “піянера экуменізму”, які з гумарам казаў, што “яму вядомая дата аб'яднання хрысціян: дзень Страшнага суда!” Але на шляху да таго "гіперэкуменічнага" дню мы павінны ісці разам, разам маліцца і разам рабіць справы міласэрнасці, - сказаў Святы Айцец, запрашаючы гасцей разам, кожны на сваёй мове, памаліцца Ойча наш.

20 чэрвеня 2024, 12:52