Пантыфік: свет патрабуе голасу культуры міру і навядзення мастоў

Дэмакратычная грамадства – гэта грамадства, у якім па-сапраўднаму ёсць месца для ўсіх, у рэальнасці фактаў, а не толькі ў дэкларацыях і на паперы, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

1 чэрвеня 2024 года Папа сустрэўся ў Ватыкане з членамі Хрысціянскіх асацыяцый італьянскіх рабочых (ACLI). Аўдыеныя была прымеркавана да 80-годдзя гэтага аб’яднання. Пантыфік назваў яго ячэйкі, “месцамі, дзе можна сустрэць “святых па суседству”, якія не трапляюць на першыя старонкі газет, але часам па-сапраўднаму змяняюць сітуацыю да лепшага”.

Папа звярнуў увагу на пяць рысаў, якія, на яго думку, найбольш характарызуюць гэты рух. У першую чаргу ён згадаў пра “народны стыль”, які выражаецца ў блізкасці да людзей і адчуванні сябе часткай народу, салідарнасці і пачуцці прыналежнасці.

“У кантэксце фрагментарызаванага грамадства і індывідуалістычнай культуры, нам вельмі патрэбны месцы, дзе людзі змогуць адчуць творчае і дынамічнае пачуццё прыналежнасці, якое дапамагае перайсці ад “я” да мы”, разам распрацоўваць праекты для агульнага дабра і знаходзіць шляхі і спосабы іх рэалізацыі”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец адзначыў таксама “сінадальны стыль” арганізацыі, які праяўляецца ў супольнай працы і супрацоўніцтве на карысць агульнага дабра паміж прадстаўнікамі розных культурных, грамадскіх, палітычных і нават касцёльных поглядаў.

Яшчэ адна рыса – “дэмакратычны стыль” і вернасць дэмакратыі. “Сёння яны вельмі патрэбны нам”, - сказаў Папа, нагадваючы, што “дэмакратычная грамадства – гэта грамадства, у якім па-сапраўднаму ёсць месца для ўсіх, у рэальнасці фактаў, а не толькі ў дэкларацыях і на паперы”. У гэтым канктэксце, Францішак падзякаваў арганізацыі за дапамогу людзям, якім пагражае маргіналізацыя і адчужэнне.

Пантыфік згадаў пра “міратворчы стыль” аб’яднання, падкрэсліваючы, што ў “свеце, скрываўленым шматлікімі войнамі” ёсць патрэба ў “голасе культуры міру”. Неабходна сцвярджаць, што вайна не можа быць “непазбежнасцю”, і што “мір заўсёды магчымы, як у адносінах паміж дзяржавамі, так і ў сямейным жыцці, у грамадстве, на працоўных месцах”.

“Той, хто будуе мір, умее заняць выразную пазіцыю, але ў той жа час імкнецца навесці масты, выслухаць і зразумець розныя бакі, спрыяючы дыялогу і прымірэнню. Заступніцтва ў справе міру – гэта нешта, што выходзіць за рамкі простага палітычнага кампрамісу, бо яно патрабуе ўключэння ў гульню і прыняцце рызыкі. Наш свет, як мы ведаем, пазначаны канфліктамі і падзеламі, і ваша сведчанне як міратворцаў, як заступнікаў у справе міру, неабходнае і каштоўнае, як ніколі”, - дадаў Папа.

У апошняй частцы прамовы Святы Айцец адзначыў “хрысціянскі стыль” арганізацыі, які абагульняе ўсе вышэй згаданыя аспекты. “На каго мы можам глядзець, каб зразумець, што значыць быць сапраўднымі міратворцамі, калі не на Пана Езуса? Дзе мы можам знайсці натхненне і сілы, каб прымаць усіх, калі не ў жыцці Езуса? Прыняць хрысціянскі стыль, такім чынам, азначае не толькі прадугледзець моманты малітвы на нашых сустрэчах [...], прыняць хрысціянскі стыль азначае расці ў знаёмстве з Панам і ў духу Евангелля, каб ён праймаў ўсё, што мы робім, і каб нашы дзеянні мелі стыль Хрыста і рабілі Яго прысутным у свеце”, - сказаў Папа.

Перад абліччам “культурных поглядаў, якія пагражаюць звесці на нішто прыгажосць чалавечай годнасці і падзяліць грамадства”, Папа заклікаў сваіх гасцей жывіць “новую мару аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве, якое не абмяжоўваецца словамі”. “Гэта мара святога Францішка Асізскага і многіх іншых святых, многіх хрысціян, многіх вернікаў розных веравызнанняў: браты і сёстры, няхай гэта будзе і вашай марай!”, - пажадаў Святы Айцец.
 

01 чэрвеня 2024, 11:51