Пошук

Сустрэча Папы з прэм'ер-міністрам Індыі на саміце G7 у Італіі (14.06.2024) Сустрэча Папы з прэм'ер-міністрам Індыі на саміце G7 у Італіі (14.06.2024)  (Vatican Media)

Папа атрымаў ад прэм'ер-міністра Модзі запрашэнне наведаць Індыю

У кулуарах саміту Вялікай сямёркі, прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі сустрэўся з Францішкам, запрасіўшы яго наведаць краіну з апостальскім візітам.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Сустрэўся з Папам Францішкам у кулуарах саміту G7. Я захапляюся яго імкненнем служыць людзям і рабіць нашу планету лепш. Я таксама запрасіў яго наведаць Індыю", - напісаў Нарэндра Модзі на сваёй афіцыйнай старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Як паведаміла агенцтва Fides, сустрэча Модзі з Францішкам выклікала значны рэзананс у сродках масавай інфармацыі, асабліва ў Індыі. Індыйскія газеты і тэлебачанне адзначылі, што тэма прамовы Пантыфіка на саміце G7 мае вялікае значэнне для Індыі. Прамова Папы была прысвечана пытанням чалавечай годнасці і развіцця штучнага інтэлекту.

Сустрэча Папы і Модзі выклікала неадназначную рэакцыю ў Індыі. Каталіцкая супольнасць з аптымізмам успрыняла магчымасць апостальскага візіту Францішка, спадзеючыся, што гэта палепшыць адносіны паміж Індыяй і Святым Пасадам. Аднак некаторыя індуісцкія лідары партыі Модзі (БДП) раскрытыкавалі сустрэчу. У адзінаццаці індыйскіх штатах дзейнічаюць законы, якія абмяжоўваюць свабоду веравызнання і ўплываюць на дзейнасць хрысціян.

Індыйскі езуіт ксёндз Седрык Пракаш заклікаў “даказаць фактамі” павагу да ўсіх рэлігійных канфесій і пажадаў, каб вуснае запрашэнне стала афіцыйным. “Калі Папа прыедзе ў Індыю, ён, несумненна, зможа праліць святло на становішча бедных і найбольш уразлівых, рыбакоў і сялян, карэнных жыхароў. Яго прысутнасць сярод нас была б благаслаўленнем. Мы заклікаем прэм'ер-міністра Модзі зрабіць канкрэтныя і рэальныя крокі для запрашэння Папы Францішка", - сказаў айцец Пракаш.

18 чэрвеня 2024, 10:46