Папа атрымаў ад прэм'ер-міністра Модзі запрашэнне наведаць Індыю
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Сустрэўся з Папам Францішкам у кулуарах саміту G7. Я захапляюся яго імкненнем служыць людзям і рабіць нашу планету лепш. Я таксама запрасіў яго наведаць Індыю", - напісаў Нарэндра Модзі на сваёй афіцыйнай старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
Як паведаміла агенцтва Fides, сустрэча Модзі з Францішкам выклікала значны рэзананс у сродках масавай інфармацыі, асабліва ў Індыі. Індыйскія газеты і тэлебачанне адзначылі, што тэма прамовы Пантыфіка на саміце G7 мае вялікае значэнне для Індыі. Прамова Папы была прысвечана пытанням чалавечай годнасці і развіцця штучнага інтэлекту.
Сустрэча Папы і Модзі выклікала неадназначную рэакцыю ў Індыі. Каталіцкая супольнасць з аптымізмам успрыняла магчымасць апостальскага візіту Францішка, спадзеючыся, што гэта палепшыць адносіны паміж Індыяй і Святым Пасадам. Аднак некаторыя індуісцкія лідары партыі Модзі (БДП) раскрытыкавалі сустрэчу. У адзінаццаці індыйскіх штатах дзейнічаюць законы, якія абмяжоўваюць свабоду веравызнання і ўплываюць на дзейнасць хрысціян.
Індыйскі езуіт ксёндз Седрык Пракаш заклікаў “даказаць фактамі” павагу да ўсіх рэлігійных канфесій і пажадаў, каб вуснае запрашэнне стала афіцыйным. “Калі Папа прыедзе ў Індыю, ён, несумненна, зможа праліць святло на становішча бедных і найбольш уразлівых, рыбакоў і сялян, карэнных жыхароў. Яго прысутнасць сярод нас была б благаслаўленнем. Мы заклікаем прэм'ер-міністра Модзі зрабіць канкрэтныя і рэальныя крокі для запрашэння Папы Францішка", - сказаў айцец Пракаш.