Пантыфік бізнесменам: інвеставаць у экалогію, бедных і моладзь

Інвестыцыі ў клопат пра навакольнае асяроддзе, бедных і будучыню моладзі стануць самымі плённымі, у тым ліку з эканамічнага пункту гледжання, падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

14 чэрвеня 2024 года Пантыфік сустрэўся ў Ватыкане з кіраўнікамі буйных міжнародных карпарацый і банкаў, падкрэсліваючы важнасць іх ролі не толькі ў эканамічным, але і ў сацыяльным і палітычным плане. Ён нагадаў пра ўзаемасувязь паміж эканамічнай і палітычнай уладай, а таксама пра ўплыў буйных карпарацый на міжнародную дынаміку, дзяржаўную палітыку і ўстойлівае развіццё. Затым Папа падзяліўся з бізнесменамі сваёй заклапочанасцю выклікамі, звязанымі з сітуацыяй навакольнага асяроддзя, бедных і моладзі.

Укараняць інавацыі ў сферы клопату пра агульны дом

Францішак нагадаў, што мы перажываем час сур’ёзнага кліматычнага крызісу, які залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку ад рашэнняў, якія прымаюцца ў сферы эканомікі і прадпрымальніцтва. “Ужо недастаткова выконваць дзяржаўныя законы, якія дзейнічаюць занадта павольна: неабходна ўкараняць інавацыі, апярэджваючы будучыню, робячы смелыя і дальнабачныя выбары, якія можна будзе пераймаць. Інавацыі прадпрымальніка сёння павінны быць, перш за ўсё, інавацыямі ў сферы клопату пра агульны дом”, - адзначыў ён.

Адрынутыя павінны стаць героямі перамен

Папа заклікаў сваіх гасцей на забываць пра бедных і адчужаных, не адносіцца да работнікаў, як да матэрыялу, які можна спісаць ва ўтыль, і не ставіць людзям у віну іх беднасць. Ён заахвоціў бізнесменаў не задавольвацца праявамі філантропіі, бо гэтага “занадта мала”, але ўключаць бедных у працу прадпрыемстваў, зрабіць іх рэсурсам для агульнага дабра. “Гэта магчыма. Я мару аб свеце, дзе адрынутыя змогуць стаць героямі перамен”, - прызнаўся Папа, нагадваючы, што менавіта так зрабіў Езус.

Даць моладзі будучыню і надзею

Францішак згадаў таксама, што беднымі нашага часу з’яўляецца моладзь, пазбаўленая рэсурсаў, магчымасцей і заўтрашняга дня. Ён заклікаў прымаць маладых людзей у кампаніі, нават без досведу працы, каб забяспечыць ім будучыню і не даць ім згубіць надзею.

“Дарагія сябры, вы маеце вялікую і цудоўную адказнасць. Няхай Пан дапаможа вам выкарыстоўваць іх, каб прымаць мужныя рашэнні на карысць навакольнага асяроддзя, бедных і моладзі. Гэта будзе самая плённая інвестыцыя, у тым ліку эканамічная”, - запэўніў Святы Айцец.
 

15 чэрвеня 2024, 12:59