Пантыфік: быць шчодрымі і поўнымі даверу сейбітамі Евангелля
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак пракаментаваў літургічны евангельскі ўрывак, у якім Хрыстус расказвае пра Божае Валадарства з дапамогай вобразу зерня. “Езус часта выкарыстоўвае гэты вобраз, і сёння Ён робіць гэта, запрашаючы нас паразважаць над важнай паставай: чаканнем з даверам”, - сказаў Папа.
Добрыя плёны патрабуюць часу
“І сапраўды, пры пасеве, як бы добра і багата земляроб ні раскідваў насенне і як бы старанна ні рыхтаваў глебу, расліны прарастаюць не адразу: на гэта патрэбны час! Вось чаму неабходна, каб пасля пасеву ён умеў з даверам чакаць, каб зерне раскрылася ў патрэбны час, а парасткі прараслі з глебы і выраслі дастаткова моцнымі, каб урэшце даць багаты ўраджай”, - сказаў Святы Айцец, нагадваючы, што пасля таго, як зерне трапіла ў глебу, пад зямлёй адбываецца цуд і працэс вялізарнага росту, але ён нябачны: трэба з цярплівасцю даглядаць за глебай, паліваць яе і трымаць у парадку, нават нягледзячы на тое, што на паверхні, здаецца, не адбываецца нічога.
Пан хоча, каб мы былі як калоссе, багатае зернем
“Божае Валадарства падобнае гэтаму. Пан сее ў нас зерні свайго слова і ласкі, добрыя і шматлікія зерні, а затым, не перастаючы суправаджаць нас, цярпліва чакае. Ён працягвае клапаціцца пра нас з айцоўскім даверам, але дае нам час, каб зерні раскрыліся, прараслі і развіліся, прыносячы плёны добрых спраў. І гэта таму, што Ён хоча, каб нішто не змарнавалася на Яго полі, каб усё дасягнула паўнаты сталасці; Ён хоча, каб усе мы маглі расці, як калоссі, багатыя зернем”, - запэўніў Францішак.
Сеяць Евангелле і чакаць плёнаў з цярплівасцю
Папа звярнуў увагу таксама на іншы аспект: Пан дае нам прыклад, навучаючы нас з даверам сеяць Евангелле, дзе б мы ні знаходзіліся, а потым чакаць, пакуль пасеянае зерне вырасце і прынясе плёны ў нас і іншых, не апускаючы рукі і не перастаючы аказваць падтрымку і дапамогу адзін аднаму нават там, дзе, нягледзячы на нашы высілкі, мы не бачым хуткіх вынікаў”. Святы Айцец дадаў, што часта таксама і між намі нябачна здзяйсняецца цуд, які з часам прынясе багатыя плёны.
Ці я сею з даверам Божае слова ў асяроддзях, у якіх жыву?
“Таму мы можам спытацца ў сябе: ці я сею з даверам Божае слова ў асяроддзях, у якіх жыву? Ці чакаю з цярплівасцю, або апускаю рукі, калі не бачу вынікаў адразу? І ці ўмею спакойна давяраць усё Пану, робячы пры гэтым усё магчымае для абвяшчэння Евангелля?”, - прапанаваў задумацца Пантыфік. “Няхай Панна Марыя, якая прыняла ў сябе зерне Божага слова і дазволіла яму прарасці, дапаможа нам быць шчодрымі і поўнымі даверу сейбітамі Евангелля”, - пажадаў на заканчэнне свайго разважання Францішак.