Папа да футбалістаў: важна камандная гульня, а не індывідуалізм

Служыць маладым заўзятарам добрым прыкладам заклікаў Папа футбалістаў зборнай Харватыі, якіх 5 чэрвеня 2024 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік павіншаваў харвацкіх футбалістаў з трэцім месцам на апошнім чэмпіянаце свету. На яго думку, гэта падзея, нягледзячы на некаторую крытыку, паказала, што футбол – глабальная з'ява, здольная аб’яднаць велізарную колькасць людзей, выклікаць моцныя калектыўныя эмоцыі і пачуцці.

Францішак падкрэсліў важнасць каманднай гульні як у спорце, так і ў грамадскім жыцці. “Індывідуальныя дзеянні, фантазія, творчасць важныя... Але калі пераважае індывідуалізм, то псуецца ўся дынаміка і не дасягаецца агульная мэта”, - папярэдзіў ён.

Святы Айцец падкрэсліў іншыя важныя каштоўнасці, такія як пачуццё гонару, сяброўства, братэрства, вернасць і самакантроль. Ён заклікаў гасцей не забываць аб тым, што заўзятары, асабліва маладыя, бачаць у футбалістах узоры паспяховага жыцця, і заахвоціў іх “развіваць духоўныя і чалавечыя якасці, каб служыць добрым прыкладам”.

Напрыканцы сустрэчы Папа падзякаваў спартсменам за візіт, пажадаў усяго найлепшага ў іх спартыўнай і сацыяльнай дзейнасці, благаславіў і папрасіў аб малітве.

05 чэрвеня 2024, 12:14