Кніга ксяндза Джэймса Марціна, "Лазар, выйдзі вонкі!" Кніга ксяндза Джэймса Марціна, "Лазар, выйдзі вонкі!" 

Папа: Езус не баіцца наблізіцца да грэшніка, нават самага зацятага

Езус не баіцца падысці да грэшніка, нават самага зацятага і нахабнага. Ён мае толькі адзін клопат: каб ніхто не згубіўся, каб ніхто не страціў магчымасць адчуць поўныя любові абдымкі Айца, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак напісаў прадмову да кнігі амерыканскага езуіта, ксяндза Джэймса Марціна, Лазар, выйдзі вонкі! (Lazzaro, vieni fuori!), якая 4 чэрвеня 2024 года з’явіцца на паліцах кнігарняў. Яна была падрыхтавана ў Ватыканскім выдавецтве (LEV) і прысвечана евангельскай гісторыі пра “самы вялікі цуд Езуса” – уваскрашэнне Лазара.

“Біблія – гэта спажытак, неабходны нам для жыцця, гэта “любоўны ліст”, з якім Бог спрадвеку звяртаецца да людзей усіх часоў і месцаў. Захоўваць Божае слова, любіць Біблію, насіць яе з сабой кожны дзень, паклаўшы ў кішэню маленькі асобнік Евангелля, можа нават шукаць яго ў смартфоне перад важнай сустрэчай, далікатнай размовай, у момант адчаю... усё гэта дапамагае нам зразумець, што Святое Пісанне – гэта жывы арганізм, адкрытая кніга, жывое сведчанне пра Бога, які не памёр і не быў пахаваны на пыльных паліцах гісторыі, а заўсёды ідзе разам з намі, нават сёння”, - зазначыў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў таксама, што “Евангелле – вечнае і канкрэтнае, яно тычыцца як нашага духоўнага жыцця, так і гісторыі і паўсядзённасці”, бо “Езус не проста казаў пра вечнае жыццё, Ён падарыў яго. Ён не проста сказаў: “Я – уваскрасенне”, але ўваскрасіў Лазара, які быў мёртвы тры дні”.

Папа заўважыў, што хрысціянская вера – гэта пастаяннае ўзаемадзеянне паміж вечным і часовым, нябесным і зямным, боскім і чалавечым. “Калі б яно было толькі “зямным”, што б адрознівала яго ад добрай філасофіі, структураванай ідэалогіі, добра сфармуляванай думкі, якая застаецца толькі такой, ад тэорыі, якая застаецца адарванай ад часу і гісторыі? А калі б хрысціянства тычылася толькі таго, што будзе “потым”, выключна вечнасці”, гэта было б “здрадай выбару Бога”, які вырашыў уцелавіцца, каб “гісторыя людзей магла адпавядаць Божаму Валадарству, была часам і месцам, дзе прарастае мір, пасяляецца надзеі, а любоў дае жыццё”, - патлумачыў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў убачыць у постаці евангельскага Лазара кожнага з нас. “Мы таксама сябры Езуса, мы таксама часам “памерлыя” з-за нашага граху, нашых недахопаў і нявернасці, роспачы, якая прыгнятае нас і знішчае нашы душы. Але Езус не баіцца наблізіцца да нас, нават калі мы “смярдзім”, як мярцвяк, пахаваны тры дні таму. Езус не баіцца ні нашай смерці, ані нашага граху. Ён спыняецца толькі перад закрытымі дзвярыма нашага сэрца, якія адчыняюцца выключна знутры і якія мы зачыняем на два замкі, калі думаем, што Бог не можа прабачыць нас”, - падкрэсліў Папа.

Францішак нагадаў, што кепскі пах памерлага Лазара – гэта “метафара ўнутранага гніення”, якое грэх спараджае ў нашых душах. Але “Езус не баіцца падысці да грэшніка, кожнага грэшніка, нават самага зацятага і нахабнага. Ён мае толькі адзін клопат: каб ніхто не згубіўся, каб ніхто не страціў магчымасці адчуць поўныя любові абдымкі Айца”, - адзначыў Пантыфік, падкрэсліваючы, што “праца Бога заключаецца ў тым, каб прабачаць”.

Папа нагадаў, што ўсе людзі прызначаны для вечнага жыцця, якое чакае нас пасля смерці, і якога мы можам дакрануцца ўжо тут, “калі жывём не эгаізмам, што засмучае нас, а любоўю, якая пашырае нашы сэрцы”. “Мы створаны для вечнасці”, і ўваскашэнне Лазара сведчыць пра гэта, - напісаў напрыканцы прадмовы Святы Айцец.
 

03 чэрвеня 2024, 09:41