Пошук

Папа: штучны інтэлект не павінен стаць пагрозай для чалавецтва

“Ці ўпэўнены мы, што хочам працягваць называць “інтэлектам” тое, што ім не з’яўляецца?”, - з такім пытаннем Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы аб выкліках, якія ставіць развіццё штучнага інтэлекту.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

21 чэрвеня 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў штогадовай міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай фондам Centesimus Annus Pro Pontifice. Сёлетні форум гэтага аб’яднання, якое займаецца прасоўваннем сацыяльнага вучэння Касцёла, быў прысвечаны тэме Штучны інтэлект і тэхнакратычная парадыгма: як спрыяць дабрыбыту чалавецтва, клопату пра прыроду і мірнаму свету?

“Гэта пытанне заслугоўвае асаблівай увагі, бо штучны інтэлект аказвае неверагодны ўплыў на эканоміку і грамадства і можа мець негатыўнае ўздзеянне на якасць жыцця, адносіны паміж людзьмі і краінамі, міжнародную стабільнасць і супольны дом”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы пра “абсалютную патрэбу этычнага развіцця алгарытмаў, пры якім каштоўнасці накіроўваюць шляхі новых тэхналогій”.

Заклапочанасць негатыўнымі наступствамі развіцця штучнага інтэлекту

Святы Айцец спаслаўся на свой нядаўні зварот да G7, у якім падкрэсліваў, што “штучны інтэлект з’яўляецца і павінен заставацца інструментам у руках чалавека”, а яго развіццё можа мець не толькі добрыя, але і дрэнныя наступствы: “умацаванне тэхнакратычнай парадыгмы і культуры адчужэння, няроўнасці паміж краінамі, перадачу машынам найважнейшых для жыцця людзей рашэнняў”.

“Таму я пацвердзіў абсалютную неабходнасць этычнага развіцця і выкарыстання штучнага інтэлекту, заклікаўшы палітыкаў да канкрэтных дзеянняў, каб скіраваць актуальны тэхналагічнага працэс у напрамку ўсеагульнага братэрства і міру”, - сказаў Папа, адзначаючы важнасць канферэнцыі фонда Centesimus Annus Pro Pontifice для таго, каб у дыялогу са светам навукі вызначыць межы, якія трэба паставіць інавацыям, калі яны ідуць на шкоду чалавецтву.

Для чаго патрэбны штучны інтэлект?

“Галоўнае пытанне, якім вы задаліся, гучыць так: для чаго патрэбны штучны інтэлект? Ці ён патрэбны для задавальнення патрэб чалавецтва, паляпшэння дабрабыту і інтэгральнага развіцця людзей, ці для ўзбагачэння і павелічэння ўжо вялікай улады некалькіх тэхналагічных гігантаў, нягледзячы на небяспекі для чалавецтва?”, - сказаў Францішак.

Прапановы Святога Айца

На думку Святога Айца, неабходна вызначыць крытэрыі для развіцця штучнага інтэлекта, каб яно садзейнічала дабру чалавецтва. У сувязі з гэтым ён заклікаў глыбокага вывучыць пытанне аб адказнасці за рашэнні, якія прымаюцца з выкарыстаннем штучнага інтэлекту; стымуляваць этычныя інавацыя, карысныя для развіцця чалавецтва, і прадухіляць і абмяжоўваць непажаданыя наступствы; пашыраць веды аб правільным выкарыстанні штучнага інтэлекту; ацаніць яго ўплыў на сферу працы; даследаваць станоўчыя і адмоўныя эфекты штучнага інтэлекту ў галіне бяспекі і канфідэнцыяльнасці; яго ўплыў на рэлятыўныя і кагнітыўныя здольнасці людзей і іх паводзіны; а таксама памятаць пра вялізарнае спажыванне энергіі, неабходнае для развіцця штучнага інтэлекту, у якой час як чалавецтва знаходзіцца на стадыі далікатнага энергетычнага пераходу.

Абмежаваць манапалістычную ўладу нямногіх

Папа падкрэсліў, што менавіта “на фронце тэхналагічных інавацый будзе разыгрывацца будучыня эканомікі, цывілізацыі, самаго чалавецтва”. Ён заклікаў не змарнаваць магчымасць і паставіць чалавечую годнасць у цэнтр інавацый, каб яны спрыялі развіццю, дабрабыту, мірнаму суіснаванню і абароне найбольш абяздоленых. “Але для гэтага неабходна нарматыўнае, эканамічнае і фінансавае асяроддзе, якое абмяжуе манапалітыстычную ўладу нямногіх і дазволіць развіццю адбывацца на карысць усяго чалавецтва”, - дадаў Святы Айцец.

Напрыканцы звароту Францішак задаў правакацыйнае пытанне: “Ці ўпэўнены мы, што хочам працягваць называць “інтэлектам” тое, што ім не з’яўляецца? Давайце падумаем пра гэта і спытаемся ў сябе: ці не з’яўляецца неналежнае выкарыстанне гэтага вельмі важнага, вельмі чалавечнага слова, ужо капітуляцыяй перад тэхнакратычнай уладай?”, - прапанаваў задумацца Пантыфік.
 

22 чэрвеня 2024, 10:35