Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Папа на Дзень мігранта і бежанца: Бог ідзе са сваім народам

“Бедныя збаўляюць нас, бо дазваляюць сустрэць аблічча Пана”, - нагадаў Папа ў пасланні на 110-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца, які будзе адзначацца 29 верасня 2024 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дакумент быў абнародаваны 3 чэрвеня 2024 года ў Ватыкане. Яго тэма: Бог ідзе са сваім народам. У пасланні гаворыцца, што мігранты нагадваюць пра вандроўны характар Касцёла, адлюстроўваючы “жывы вобраз Божага народа на шляху да вечнай Айчыны”.

Пантыфік правёў аналогію паміж сучаснымі мігрантамі і выбраным народам, які ішоў праз пустыню ў кірунку Абяцанай зямлі. “Як народ Ізраэля ў часы Майсея, мігранты часта ўцякаюць ад сітуацый прыгнёту і гвалту, небяспекі і дыскрымінацыі, адсутнасці перспектыў развіцця. Як яўрэі ў пустыні, яны знаходзяць мноства перашкод на сваім шляху: іх мучаюць смага і голад, іх знясільваюць цяжкасці і хваробы, іх спакушае адчай”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што фундаментальная рэальнасць “кожнага зыходу” заключаецца ў тым, Бог апярэджвае і суправаджае свой народ і ўсіх сваіх дзяцей на шляху. Многія мігранты пазнаюць Бога менавіта як “спрадарожніка, правадніка і якар збаўлення”.

“Яны аддаюць Яму сябе ў апеку перш чым вырушыць у шлях і звяртаюцца да Яго ў сітуацыях патрэбы. У ім шукаюць суцяшэння ў моманты адчаю. Дзякуючы Яму на шляху ёсць Добрыя самаране. Яму ў малітве давяраюць свае надзеі. Колькі Біблій, Евангелляў, малітоўнікаў і ружанцаў суправаджаюць мігрантаў у іх падарожжах праз пустыні, рэкі, моры і межы ўсіх кантынентаў!”, - зазначыў Папа.

“Бог не толькі ідзе са сваім народам, але і ў сваім народзе, у тым сэнсе, што Ён атаясамлівае сябе з мужчынамі і жанчынамі на іх шляху праз гісторыю, асабліва з найслабейшымі, беднымі, адчужанымі, быццам працягваючы таямніцу Уцелаўлення”, - дадаў Францішак.

Святы Айцец патлумачыў, што па гэтай прычыне сустрэча з мігрантам, як і з кожным чалавекам, які знаходзіцца ў патрэбе, гэта таксама сустрэча з Хрыстом. “Гэта Ён стукае ў нашыя дзверы галодны, спрагнёны, падарожны, голы, хворы і зняволены, просячы, каб сустрэлі Яго і дапамаглі Яму”, - дадаў Папа.

“Такім чынам, кожная сустрэча на шляху, з’яўляецца магчымасцю сустрэць Пана; з’яўляецца магчымасцю, напоўненай збаўленнем, бо ў сястры ці браце, якія патрабуюць нашай дапамозе, прысутнічае Езус. У гэтым сэнсе, бедныя збаўляюць нас, бо дазваляюць сустрэць аблічча Пана”, - напісаў ён.

“Дарагія браты і сёстры, у гэты Дзень, прысвечаны мігрантам і бежанцам, давайце з’яднаемся ў малітве за ўсіх, хто вымушаны пакінуць сваю зямлю ў пошуку годных умоў жыцця”, - заклікаў Святы Айцец.
 

03 чэрвеня 2024, 11:54