Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Passacaglia e Tema fugato in Do min. BWV 582
Расклад Падкасты

Папа: праз Святое Пісанне Бог размаўляе са сваім стварэннем

Сярод мноства Божых слоў, якія мы чуем кожны дзень на Імшы ці ў Літургіі гадзін, заўсёды ёсць адно, прызначанае спецыяльна для нас, - нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 12 чэрвеня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны Святому Духу, “які вядзе Касцёл да Хрыста, нашай надзеі”. “У мінулы раз мы разглядалі дзейнасць Духа ў стварэнні, а сёння мы ўбачым яе ў Аб’яўленні, натхнёным Богам, аўтарытэтным сведчаннем якога з’яўляецца Святое Пісанне”, - сказаў ён.

Святое Пісанне натхнёнае, каб натхняць

Пантыфік нагадаў словы святых апосталаў Паўла і Пятра, якія пісалі, што “ўсё Пісанне натхнёнае Богам” (2 Цім 3,16), і што “ад імя Бога абвяшчалі яго людзі, натхнёныя Святым Духам” (1 Пт 1,21). “Гэта вучэнне пра боскае натхненне Святога Пісання, якое мы абвяшчаем у Сімвале веры, калі кажам, што Святы Дух “прамаўляў праз прарокаў”, - патлумачыў Папа.

Францішак заўважыў, што Святы Дух чыніць Святое Пісанне “вечна жывым і дзейсным”. “Натхняючы, Ён робіць яго натхняльным”, а таксама працягвае ў Касцёле дзеянне Уваскрослага, які пасля Вялікадня, “адкрыў розум вучняў, каб яны разумелі Пісанне”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Здараецца так, што пэўны ўрывак Пісання, які мы чыталі шмат разоў без асаблівых эмоцый, аднойчы перачытваем у атмасферы веры і малітвы, і тады гэты тэкст раптам азараецца, ён прамаўляе да нас, пралівае святло на праблему, якую перажываем, або робіць зразумелай Божую волю для нас у пэўнай сітуацыі”, - сказаў Пантыфік. Ён адзначыў, што гэта перамена адбываецца дзякуючы святлу Святога Духа

Касцёл упаўнаважаны тлумачыць біблейскія тэксты

“Браты і сёстры, Касцёл сілкуецца духоўным чытаннем Святога Пісання, гэта значыць чытаннем пад кіраўніцтвам Духа Святога, які натхніў яго. У яго цэнтры, як маяк, які асвятляе ўсё навокал, знаходзіцца падзея смерці і ўваскрасення Хрыста, якая спаўняе задуму збаўлення, рэалізуе ўсе правобразы і прароцтвы, раскрывае ўсе схаваныя таямніцы і прапануе сапраўдны ключ да чытання ўсёй Бібліі. Смерць і ўваскрасенне Хрыста – гэта маяк, які асвятляе ўсю Біблію, а таксама наша жыццё”, - сказаў Папа, дадаючы, што “Касцёл, Нявеста Хрыстова, з’яўляецца ўпаўнаважаным тлумачальнікам натхнёнага тэксту, пасрэднікам яго сапраўднага абвяшчэння”.

Паколькі Касцёл мае Духа Святога, ён з’яўляецца “стаўпом і апірышчам праўды” (1 Цім 3,15), а “яго задача – дапамагаць вернікам і тым, хто шукае ісціну, правільна разумець біблейскія тэксты”, - сцвердзіў Францішак.

Слова, прызначанае для кожнага з нас

Францішак нагадаў, што адным са спосабаў духоўнага чытання Божага слова з’яўляецца практыка lectio divina. Яна заключаецца ў тым, каб прысвяціць пэўны час дня асабістаму і медытатыўнаму чытанню ўрыўка з Пісання. У сувязі з гэтым Папа параіў заўсёды мець пры сабе кішэннае выданне Евангелля і чытаць яго, калі з’явіцца магчымасць.

Пантыфік адзначыў, што найбольшую важнасць мае супольнае чытанне Святога Пісання, якое здзяйсняецца ў літургіі, асабліва на Імшы. “Там мы бачым, як падзея або вучэнне, дадзенае ў Старым Запавеце, знаходзіць сваё поўнае спаўненне ў Евангеллі Хрыста”, сказаў ён, дадаючы, што “гамілія павінна дапамагчы перанесці Слова Божае з кнігі ў жыццё”. “Таму гамілія павінна быць кароткай: адзін вобраз, адна думка, адно пачуцце. Гамілія не павінна працягвацца больш за восем хвілін, бо потым губляецца ўвага і людзі засыпаюць, і маюць рацыю”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Сярод мноства Божых слоў, якія мы чуем кожны дзень на Імшы ці ў Літургіі гадзін, заўсёды ёсць адно, прызначанае спецыяльна для нас. Нешта, што кранае наша сэрца. Прынятае ў сэрца, яно можа асвятліць наш дзень і натхніць на малітву. Галоўнае – не даць яму ўпасці ў пустату!”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Святое Пісанне – ліст Усемагутнага Бога да свайго стварэння

“Напрыканцы прывядзём думку, якая можа дапамагчы закахацца ў Божае слова. Як і ў некаторых музычных творах, у Святым Пісанні ёсць матыў, які суправаджае яго ад пачатку да канца, і гэты матыў – Божая любоў. “Уся Біблія – заўважае святы Аўгусцін, – не што іншае, як апавяданне пра любоў Божую”. А святы Грыгорый Вялікі называў Пісанне “лістом Усемагутнага Бога да свайго стварэння”, падобна лісту Жаніха да яго нявесты, і заклікаў нас “навучыцца пазнаваць Божае сэрца ў Божых словах”. “У гэтым Аб’яўленні – кажа яшчэ Другі Ватыканскі Сабор – нябачны Бог у сваёй бязмернай любові звяртаецца да людзей, як да сяброў, і гаворыць з імі, каб запрасіць да супольнасці з Ім і прыняць да яе”, - сказаў Папа.

“Няхай жа Дух Святы, які натхніў Пісанне і цяпер дыхае з яго, дапаможа нам зразумець гэту Божую любоў у канкрэтных сітуацыях нашага жыцця”, - пажадаў на заканчэнне катэхезы Францішак.
 

12 чэрвеня 2024, 10:15

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >
Prev
January 2025
SuMoTuWeThFrSa
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031 
Next
February 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
232425262728