Францішак: убачыць Езуса ў бедных і пакінутых
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак падкрэсліў, што евангельскія мудрацы ахвяравалі многім, каб здзейсніць сваё падарожжа да нованароджанага Хрыста. Яны пагадзіліся прыняць рызыкі і цяжкасці, якія прадугледжваў шлях, дзеля таго, каб убачыць Караля-Месію, бо ведалі, што адбываецца нешта выключнае ў гісторыі чалавецтва і не хацелі прапусціць гэту падзею, - зазначыў Святы Айцец.
У той час як мудрацы прыйшлі здалёк, каб знайсці Хрыста, тыя, хто знаходзіўся блізка, не зрабілі нават і кроку ў кірунку бэтлеемскай пячоры. Тыя, хто жыў у Ерузалеме і павінны былі радавацца найбольш, засталіся нерухомымі.
“Святары і тэолагі правільна патлумачылі Святое Пісанне і далі мудрацам указанні адносна таго, дзе знайсці Месію, але самі не сышлі са сваіх “катэдраў”. Яны задавольваліся тым, што мелі, і не вырушылі ў пошукі, не лічылі патрэбным выйсці з Ерузалема”, - зазначыў Пантыфік.
“Гэты факт, сёстры і браты, заахвочвае нас да разважанняў і ў пэўным сэнсе правакуе, бо ставіць перад намі пытанне: а да якой катэгорыі сёння належым мы? Мы больш падобныя на пастухоў, якія той жа ноччу спяшаюцца ў пячору, на ўсходніх мудрацоў, якія адпраўляюцца ў падарожжа ў пошуках Божага Сына, ці на тых, хто, хоць і фізічна вельмі блізка да Яго, але не адчыняе дзверы свайго сэрца і жыцця, застаючыся закрытым і неадчувальным да прысутнасці Езуса?”, - прапанаваў задумацца Папа.
“Давайце папросім Панну Марыю дапамагчы нам, каб, наследуючы прыклад пастухоў і мудрацоў, мы маглі распазнаць блізкага нам Езуса ў бедным, у Эўхарыстыі, у пакінутым, у нашых братах і сёстрах”, - заклікаў Святы Айцец.