Папа: сінадальнасць павінна стаць душпастырскім досведам

Спрыяць развіццю касцёльнай сінадальнасці, каб “ісці разам” было не проста рытарычным выразам, а ладам мыслення, адчування і дзеяння, заклікаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

27 чэрвеня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнай асамблеі Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі. Нарада была прысвечана тэмам, звязаным са спрыяннем развіццю рэгіёна і ўвагай да бедных, евангелізацыяй сацыяльнай сферы ў кантэксце феномену палярызацыі, а таксама паляпшэннем служэння структуры мясцовым епіскапатам, Біскупскай радзе Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAM) і дыкастэрыям Святога Пасаду.

Францішак заўважыў, што гэтыя пытанні звязаны з сінадальнай рэформай, якая павінна дапамагчы ўсяму Касцёлу лепш адлюстроўваць сапраўднае аблічча Езуса Хрыста.

Папа нагадаў, што праз канстытуцыю Praedicate evangelium ён хацеў абнавіць Рымскую курыю і зрабіць Папскую камісію па справах Лацінскай Амерыкі “дыяканіяй”, якая дазволіць Касцёлу ў гэтым рэгіёне адчуць пастырскую ўвагу і любоў Наступніка святога Пятра. Ён пажадаў, каб Камісія не замяняла сабой мясцовыя структуры, а садзейнічала развіццю сінадальнасці ў ладзе мыслення, адчування і дзеяння каталіцкіх супольнасцей у Лацінскай Амерыцы.

Пантыфік спаслаўся на гісторыю святога Хуана Дыега, сведкі аб’яўленняў Маці Божая Гвадэлупскай, якога назваў прыкладам пакоры і сінадальнасці, бо ён быў здольным абвяшчаць Добрую навіну з даверам да касцёльнага і звышнатуральнага вымярэння сваёй місіі.

Святы Айцец заклікаў Папскую камісію па справах Лацінскай Амерыкі “натхняць, матываваць і правакаваць свабоду, каб кожная касцёльная і сацыяльная рэальнасць распазнавала ўласны шлях, ідучы таксама за імпульсамі Духа, у адзінстве з паўсюдным Касцёлам”. “Папская камісія па справах Лацінскай Амерыкі павінна будаваць масты прымірэння, інклюзіўнасці і братэрства! Масты, якія дапамогуць зрабіць так, каб “ісці разам” было не проста рытарычным выразам, а сапраўдным душпастырскім досведам”, - падкрэсліў Францішак.
 

27 чэрвеня 2024, 10:39