Францішак: скасаваць або скараціць знешні доўг бедных краін
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сваёй прамове Францішак падкрэсліў важнасць пошуку адказных рашэнняў праблемы запазычанасці, якая закранае мільёны сем'яў і людзей у краінах глабальнага Поўдня. Ён падкрэсліў, што фінансаванне павінна быць справядлівым і карысным для грамадства. У дадатак да такіх праблем, як глабалізацыя, пандэміі і войны, многія краіны сутыкнуліся з пазыковым крызісам, які спараджае пакуты і адчай, пазбаўляючы мільёны людзей шанцаў на годную будучыню.
Святы Айцец прапанаваў стварыць шматнацыянальны механізм, заснаваны на салідарнасці і гармоніі паміж народамі, які ўлічваў бы глабальныя наступствы гэтай праблемы і пазбягаў бы маргіналізацыі найбольш слабых. Ён заклікаў дзейнічаць справядліва, салідарна і добрасумленна ў адпаведнасці з міжнароднымі этычнымі нормамі. Новая міжнародная фінансавая архітэктура павінна быць “смелай і творчай”, лічыць Францішак.
Папа нагадаў пра Юбілейны 2000 год, калі святы Ян Павел II назваў знешні доўг не толькі эканамічнай, але і этычнай праблемай і прапанаваў спісаць або скараціць даўгі дзеля агульнага дабра. “Такая традыцыя была ў яўрэйскага народа: у юбілейны год яны даравалі даўгі”, - патлумачыў Францішак, далучаючыся да прароцкага закліку Яна Паўла II, які і сёння актуальны як ніколі.
Пантыфік адзначыў, што “экалагічны доўг і знешні доўг – гэта два бакі аднаго медаля, якія абумоўліваюць будучыню”. Ён заклікаў у надыходзячы Святы 2025 год адкрыць свой розум і сэрца, каб развязаць путы даўгоў, якія душаць сучаснасць, не забываючы, што мы ўсяго толькі захавальнікі гэтага свету, а не яго гаспадары. Ён заахвоціў гасцей марыць і дзейнічаць разам, каб пабудаваць агульны дом, у якім ніхто не будзе выключаны.