Папа вербістам: быць вернымі вучнямі і крэатыўнымі місіянерамі

Верны вучань пазнаецца па радасці Евангелля, якая ззяе на яго абліччы, па яго ладзе жыцця, па тым, як ён дзеліцца з іншымі любоў, якую сам атрымаў і прымае кожны дзень, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

27 чэрвеня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў генеральнага капітула Таварыства Божага слова, якое праходзіць у Рыме на тэму: Няхай святло ваша свеціць перад людзьмі: верныя і крэатыўныя вучні ў параненым свеце.

Пантыфік нагадаў вербістам, што “евангелізацыя патрабуе блізкасці з Божым словам” – крыніцы, з якой яны нараджаюцца і адраджаюцца “як верныя вучні і крэатыўныя місіянеры”.

“Верны вучань пазнаецца па радасці Евангелля, якая ззяе на яго абліччы, па яго ладзе жыцця, па тым, як ён дзеліцца з іншымі любоў, якую сам атрымаў і прымае кожны дзень”, - падкрэсліў Папа, дадаючы, што для ўзрастання як вучні і місіянеры мы патрабуем полымя Святога Духа, бо “гэта Ён прыцягвае сэрцы, а не мы”.

Францішак заўважыў, што вербісты нясуць служэнне ў 79 краінах свету. Ён адзначыў, што абвяшчэнне Евангелля павінна здзяйсняцца “ў дзяленні радасцю, а не накладанні абавязкаў”. “Крэатыўная місійная дзейнасць нараджаецца з любові да Божага слова; крэатыўнасць нараджаецца дзякуючы сузіранню і распазнаванню. І нават, калі добрай з’яўляецца асабістая крэатыўная дзейнасць, то супольная – лепшая для адзінства і сілы Касцёла”, - дадаў ён.

Францішак заклікаў місіянераў несці мір Хрыста ў свет, праяўляючы крэатыўнасць таксама ў гэтай сферы. “Мір зранены канфліктамі, войнамі, знішчэннем навакольнага асяроддзя, насіллем над чалавечым жыццём і годнасцю, фундаменталісцкімі ідэалогіямі і іншымі бедствамі”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што людзі горача просяць аб міры: трэба прыслухацца да іх і стаць міратворцамі.

“Давайце будзем несці мір Хрыста ўсім, асабліва бедным, мігрантам, якія пакутуюць шмат, жанчынам, якія падвяргаюцца дыскрымінацыі, дзецям і адрынутым людзям. Бог пачуў вокліч заняволенага народа: давайце не будзем закрываць вушы на крык сучасных нявольнікаў і будзем крэатыўна падыходзіць да будавання міру”, - сказаў ён.

Папа заахвоціў вербістаў рабіць свае супольнасці знакам надзеі для ўсіх культур у параненымі свеце, абуджаючы “новую культуру любові”, натхнёную праўдай, якую прынёс Хрыстус. Ён заклікаў сваіх гасцей таксама быць місіянерамі сінадальнасці ва ўсіх аспектах іх дзейнасці.
 

28 чэрвеня 2024, 13:01